Пасеклі наш Край папалам,
Каб панскай вытаргаваць ласкі.
Вось гэта – вам, а гэта – нам,
Няма сумлення ў душах рабскіх…

Гэтыя радкі ў 1928 годзе напісаў беларускі паэт, адзін з лідараў “Маладняка” Алесь Дудар (1904-1937), якому 24 снежня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння. Праз год пасля напісання верша, Алеся Дудара некалькі разоў арыштоўвалі, а ў 1937 годзе яму вынеслі вырак – расстраляць…
Нарадзіўся Алесь Дудар у вёсцы Навасёлкі Мазырскага павета Менскай губерні (цяпер Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці) у сялянскай сям’і. Дзяцінства хлопчыка прайшло ў Тамбоўскай губерні, дзе ён жыў з бацькамі ў гады Першай сусветнай вайны. Пасля вяртання ў Менск працягнуў вучобу ў школе, якую скончыў у 1920 годзе. Маючы акцёрскія здольнасці, Алесь Дудар прымаў удзел у пастаноўках Драматычнай секцыі Беларускай вучнёўскай грамады пры Менскім таварыстве працаўнікоў беларускага мастацтва і тэатральнай трупы пад кіраўніцтвам Уладзіслава Галубка. Прыкладна ў гэты ж час юнак упершыню пазнаёміўся з беларускай літаратурай, захапіўся ёю і пачаў пісаць сам. У 1921 годзе ў газеце «Савецкая Беларусь» пад псеўданімам Алесь Дудар надрукаваў свае першыя вершы, прысвечаныя рэвалюцыйнай барацьбе і сацыялістычнаму будаўніцтву – «Прэч з дарогі», «Зарубежным братам», «Гэй да працы», «Я – мужык», «Новы шлях», «Брату-беларусу», «Паўстаўшым» і іншыя. У 1923 годзе Алесь Дудар пачаў супрацоўнічаць з рэдакцыямі газет і часопісаў. Разам з іншымі пісьменнікамі прымаў удзел у арганізацыі літаратурнага аб’яднання «Маладняк», быў рэдактарам аднайменнага часопіса (1926–1928), выязджаў у вобласці, наладжваў працу філіялаў у Полацку, Магілёве, Віцебску.
У 1925 годзе выдаў першыя зборнікі паэзіі «Беларусь бунтарская» і «Сонечнымі сцежкамі» – класічныя ўзоры маладнякоўскага светаўспрымання з перавагай нацыянальна-культурнай тэмы. Былі апублікаваны зборнікі вершаў «І залацісцей і сталёвей» (1926), «Вежа» (1928), паэма «Шанхайскі шоўк» (1927), зборнік апавяданняў «Марсельеза» (1927), раман «Ваўчаняты» (у суаўтарстве, 1925). Пад псеўданімам Тодар Глыбоцкі пісаў рэцэнзіі, артыкулы па драматургіі і тэатральным мастацтве, выдаў кнігу літаратурна-крытычных нарысаў «Пра літаратурныя справы» (1928).

У 1927–1928 гадах Алесь Дудар вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. За верш «Пасеклі край наш папалам», які распаўсюджваўся ў рукапісе, быў адлічаны з універсітэта, арыштаваны і сасланы ў Смаленск. Пасля заканчэння тэрміну высылкі ў 1931 годзе вярнуўся ў Менск. Зноў уключыўся ў літаратурнае жыццё, быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР. У гэты перыяд напісаў паэмы «Вайна за мір» (1932), «Слуцак» (1934), цыкл вершаў «Палескія ночы» (1936), займаўся перакладамі. У кастрычніку 1936 годзе Алесь Дудар быў зноў арыштаваны і прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітавалі паэта ў 1957 годзе.




Беларускае Радыё Рацыя






