Эпоха ўкраінска-расейскіх навагодніх мюзіклаў, як масавай тэлевізійнай з’явы, выпала на пачатак 2000-х гадоў. Новы для таго часу забаўляльны кантэнт быў супольным прадуктам украінскай кінаіндустрыі і расейскіх тэлевізійных каналаў. Зорны склад абедзвюх краін нібыта сціраў і без таго ўмоўныя культурныя межы. Аднак ў гэтым кантэксце ў формуле “адзін народ” усё ж выразна прасочваўся прыярытэт расейскіх артыстаў, нягледзячы на ўкраінскую літаратурную аснову для сцэнароў некаторых мюзіклаў.

І ганарары ў расейцаў былі вышэйшыя – паводле статусу “вялікіх гасцей” з гарантавана высокімі рэйтынгамі. А непаўнавартаснасць “малодшых братоў” падкрэслівалася амаль адкрыта. Да прыкладу, у «Вечарах на хутары каля Дзіканькі» паводле твораў Гогаля, украінцаў паказвалі альбо хітрымі, альбо абсалютна бязглуздымі, такімі сабе карыкатурнымі, пацешнымі людзьмі ў вышыванках і шырокіх чырвоных штанах. Нават улічваючы тое, што аўтарамі мюзіклаў былі ўкраінцы, кантэнт відавочна быў скіраваны на расейскага гледача. То бок гогалеўскіх герояў перакруцілі да “шараваршчыны”, акцэнтуючы ўвагу на тым, што цэнтр заўсёды ў Расеі.
Хаця трэба аддаць належнае: у мюзікле “За двума зайцамі” паводле п’есы Старыцкага, героі (Пугачова і Галкін) засталіся людзьмі ў поўным сэнсе слова. У адрозненне ад Чорта Кіркорава ў «Вечарах на хутары каля Дзіканькі». Тады фармат навагодняга мюзіклу вельмі добра “зайшоў” гледачу. Не выключана, што, нягледзячы на ваенныя рэаліі, хтосьці і дагэтуль па ім настальгуе. Як, зрэшты, і па “Іроніі лёсу”. Аднак такая атручаная настальгія толькі дапамагае падсілкоўваць расейскі наратыў пра “адзін народ” і “агульнае мінулае”.
Сёння большасць украінцаў адмовілася ад расейскага і савецкага кантэнтаў як ад часткі навязанай культурнай залежнасці. Гэта сведчыць аб тым, які велізарны шлях прайшлі кожны асобна і дзяржава ў цэлым. І няхай РФ крычыць усяму свету пра непаўнавартаснасць украінцаў – гэты свет адаптаваў «Шчэдрыка» Леантовіча і зрабіў яго сімвалам свята.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя






