У Беластоку 19 снежня а 17:00, у сядзібе фонду Tutaka па адрасе: ul. Ciołkowskiego 24, адбудзецца адкрытая сустрэча з нагоды прэм’еры новых сезонаў медыяпраектаў Фонду Tutaka — «Хто ты гэткі? | Kto ty jesteś?» і Падкаст Tutaka. Абодва праекты прысвечаныя гісторыі, калектыўнай памяці і сучаснай ідэнтычнасці беларусаў Беласточчыны. Гэтым разам гасцей чакае размова з аўтарамі праектаў — даследчыцай і пісьменніцай Анетай Прымака-Онішк і рэжысёрам Мікалаем Ваўранюком.

Пра тое, чаму досвед аўтахтонных беларусаў Падляшша можа быць важным урокам для беларусаў у эміграцыі; як у Польшчы ўдаецца захоўваць мову і культурную пераемнасць, а таксама пра новыя праграмы і задачы Фонду Tutaka, – у гутарцы з кіраўнічкай праектаў і вядучай Падкаста Tutaka Настассяй Суханосік.
РР: З якімі новымі праграмамі і праектамі Фонд Tutaka ўваходзіць у гэты перадкалядны сезон?
Настасся Суханосік: 19 снежня мы запрашаем у 17.00 у нашую сядзібу, дзе адбудзецца адкрытая, бескаштоўная вельмі цікавая размова са стваральнікамі нашых двух цікавых праектаў. Мы запрашаем усіх, хто датычны да беларускасці, тоеснасці, культуры, гісторыі, традыцый – усяго што мае нейкае дачыненне да нашай агульнай беларускай справы. Таму што на сустрэчы будзе прадпрэм’ерны паказ першага нашага фільма з новага цыклу “Хто ты гэткі?”. Гэта цікавы праект, які ладзіцца чацвёрты год запар. І адметнасць гэтага сезону ў тым, што мы запрасілі да ўдзелу Анэту Прымаку-Онішк – гэта нашая вядомая журналістка, даследчыца, аўтарка вельмі цікавых кніг, датычных тэмы бежанства. І яна разам з рэжысёрам Мікалаем Ваўранюком будзе прэзентаваць гэты праект. І ў вас будзе неверагодная магчымасць першымі паглядзець першы выпуск гэтага сезону.

Таксама мы будзем прэзентаваць яшчэ адзін наш праект – падкаст “Тутака”. Гэта трэці сезон падкасту. Сціпла скажу, што я была аўтаркай гэтага праекту, вядучая, даследчыца таксама. І гэты праект вельмі важны для мяне асабіста, таму што тут мы нарэшце паразмаўлялі з людзьмі. Тут мы дакрануліся да гісторый рэальных беларусаў Беласточчыны. Ужо тры выпускі ёсць на нашым Ютуб-канале.
Цалкам гутарка:
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўатара і Фонда Тутака






