Тэадор Нарбут (1784-1864) – адметная асоба ў беларускай гісторыяграфіі. Ваенны інжынер, археолаг, літаратар, краязнавец, гісторык, этнограф, бібліяфіл, калекцыянер – усё спалучалася ў дзейнасці гэтага чалавека.
8 лістапада Тэадору Нарбуту спаўняецца 240 гадоў з дня нараджэння. Яго імя было вельмі папулярным у 40–50-х гг. ХІХ стагоддзя сярод усіх, хто цікавіўся гісторыяй Літвы і Беларусі, хто шукаў, паважаў і захоўваў культурную спадчыну двух братэрскіх народаў. Сярод навукоўцаў нарадзілася выслоўе “беларускі Карамзін” – так называлі Нарбута за створаны ім фундаментальны твор “Гісторыя літоўскага народа” (т. 1–9, 1835–41). Усе свае веды вучоны-энцыклапедыст спалучыў у гэтым творы.
Тэадор Нарбут паходзіў са старажытнага шляхецкага роду. Сваё прозвішча ён пісаў як Остык-Нарбут, падкрэсліваючы гэтым непасрэдную сувязь з вельмі магутным родам Остыкаў. Нарадзіўся вучоны ў маёнтку Шаўры Лідскага павета (цяпер Воранаўскі раён Гарадзенскай вобласці). Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, потым вучыўся ў Лідзе, а з 1799 года стаў студэнтам матэматычна-інжынернага факультэта Віленскага ўніверсітэта. Тэадор цікавіўся фартыфікацыяй і ў 1803 годзе, пасля заканчэння вучобы, паступіў у Пецярбургскі кадэцкі корпус. Службовую кар’еру ён пачаў у дэпартаменце Ваеннага міністэрства, дзе з’яўляўся даверанай асобай дырэктара – генерала Сухтлене. Спакойнае сталічнае жыццё працягвалася нядоўга: падчас руска-пруска-французскай (1806–1807) і руска-шведскай (1808–1809) войнаў Нарбут знаходзіўся ў дзеючай арміі. За праяўленую ў баях мужнасць і за будаўніцтва батарэі на востраве Руген Нарбут атрымаў ордэн св. Ганны. У 1809 годзе яму прысвоілі званне паручніка і перавялі ў распараджэнне ваеннага міністра Барклая-дэ-Толі. Расея стаяла на парозе вайны з Напалеонам, і перад ваеннай калегіяй паўстала пытанне ўзвядзення новых крэпасцей на заходняй граніцы па лініі Дынабург–Полацк–Рагачоў–Оўруч. У 1810 годзе Нарбута накіравалі ў Беларусь для выбару месца будаўніцтва новай крэпасці. Такім месцам стаў раён Бабруйска. Па прадстаўленаму плану Бабруйская крэпасць павінна была стаць самай моцнай у Еўропе. Нарбут сам кіраваў падрыхтоўчымі работамі для яе забудовы, удзельнічаў у будаўніцтве. Да сярэдзіны 1812 года цытадэль была фактычна гатовая, і Нарбута за сумленную службу ўзнагародзілі ордэнам Уладзіміра ІV ступені з прысваеннем чарговага вайсковага звання – штабс-капітан. Пасля завяршэння будаўніцтва ён атрымаў ордэн св. Ганны ІІ ступені. Бабруйская цытадэль адыграла важную ролю ў вайне рускіх з французамі і немалая заслуга ў гэтым належала Тэадору Нарбуту.
Напружаная праца ў цяжкіх кліматычных умовах пад Бабруйскам прывяла да абвастрэння захворванняў, атрыманых ад ран і кантузіі, да поўнай страты слыху. У 1812 годзе Нарбут пайшоў у адстаўку і вярнуўся ў свае Шаўры, дзе пачаў займацца гісторыяй і археалогіяй.
Яшчэ працуючы ваенным спецыялістам на берагах Дняпра, Нёмана і Бярэзіны, Тэадор Нарбут пры земляробчых работах знаходзіў шмат прылад працы, чарапкоў ад посуду, манет. Уражвалі яго і курганы – месцы старажытных пахаванняў. Знаходкі цікавілі маладога інжынера, і ён пачаў сам бліжэй знаёміцца з загадкавымі рэшткамі даўніны. Падняпроўе дало вельмі многа Нарбуту для фармавання яго навуковага светапогляду, і пра свае першыя вопыты ён успамінаў не раз у сталым узросце, будучы ўжо вядомым гісторыкам. У Шаўрах археалогія цалкам захапіла адстаўнога афіцэра, і ён з маладым запалам пачаў вывучаць старажытныя гарадзішчы ў ваколіцах маёнтка. Пасля даследаваў археалагічныя аб’екты каля Гародні, Ліды. Ён цікавіўся геральдыкай, нумізматыкай, этнаграфіяй, мясцовымі легендамі, фальклорам; апісваў многія гербы, пячаткі. Адначасова з археалогіяй Нарбут займаўся і краязнаўствам. Ён пакінуў цікавыя старонкі гісторыі Ліды, Вільні, Крэва, Гародні, Наваградка і іншых месц; адшукаў у Старым Быхаве адну з першых хронік ХVI стагоддзя і зрабіў з яе выпіскі пра пахавальны абрад; увёў у навуковы ўжытак шэраг гістарычных крыніц, у тым ліку “Хроніку Быхаўца”.
Самастойнымі раскопкамі Тэадор Нарбут займаўся на першым этапе сваіх даследаванняў. Пазней ён пазнаёміўся з працамі іншых вучоных. Плённы ўплыў на развіццё археалогіі і гістарычнай навукі Беларусі, а таксама і на Нарбута зрабіў славуты прафесар Віленскага ўніверсітэта Лялевель. Галоўным дасягненнем іх сумеснай дзейнасці было заснаванне ў 1855 годзе Віленскага музея старажытнасцей і Археалагічнай камісіі пры ім. Дзейнасць камісіі абудзіла гістарычную думку Беларусі: з’явілася цэлая плеяда гісторыкаў, этнографаў, краязнаўцаў. Нягледзячы на тое, што Нарбут жыў у правінцыі, ён падтрымліваў пастаянную сувязь са сталічнымі вучонымі. У Шаўрах пабывалі Тышкевічы, Адам Кіркор, Уладзіслаў Сыракомля, а Адам Міцкевіч запазычыў у Нарбута легенду пра “дзяды” для сваёй славутай паэмы.
Навуковая дзейнасць Тэадора Нарбута была перапынена паўстаннем 1863 года. Яго сям’ю не абмінулі віхурныя падзеі тых дзён. Пад Дубічамі загінуў старэйшы сын Людвік, жонку Хрысціну выслалі ў далёкую Пермскую губерню, а цяжка хворага Тэадора пакінулі ў Вільні пад пільным паліцэйскім наглядам, дзе ён і памёр 14 лістапада 1864 года. Пахавалі Нарбута непадалёку ад родных Шаўраў, побач з парафіяльным касцёлам у Начы.
Беларускае Радыё Рацыя