Заблуджу? Перайду. Абапруся на кій,
Закасаю да самых калень нагавіцы.
Па куп’ю, па вадзе праз гады і вякі
Я прыйду, як на споведзь, у Бераставіцу.
Гэтыя цудоўныя радкі пра родную Бераставіцу напісаў беларускі паэт Іван Летка (1935-1999), якому 14 чэрвеня спаўнілася б 90 гадоў з дня нараджэння.

Іван Летка, 1965 г.
Іван Летка нарадзіўся ў маёнтку Масаляны Гарадзенскага павета. Паходзіў з сялянскай сям’і. Бацька Антон Васільевіч ваяваў на франтах Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў. У 1919 годзе быў прысуджаны калчакаўцамі да расстрэлу, але ў апошні момант прысуд адмянілі. У Расею з Гарадзеншчыны Антон Летка ўцёк разам са сваёй будучай жонкай Соф’яй Васільеўнай, каб там ажаніцца. У 1925 годзе сям’я вярнулася ў вёску Багдзюкі.
З паўгектара ўласнай зямлі сям’я, у якой на той час было васьмёра дзяцей, пракарміцца не магла, таму бацька наняўся парабкам у масалянскі маёнтак пана Яна Каміла Біспінга. Там бацькі Леткі атрымалі адукацыю, шмат чыталі, карысталіся панскай бібліятэкай, якая ў час вайны 1941-1945 гадоў разышлася па людзях. У Масалянах нарадзіўся іх апошні сын Іван. Маці, якой тады было 44 гады, пасля родаў захварэла і неўзабаве памерла. У 1941 годзе загінуў бацька. Хлопчык застаўся сіратой. У 1944 годзе Іван пайшоў у першы клас Масалянскай сямігодкі. У пятым класе захварэў на рэўматызм, цэлую чвэрць лячыўся ў шпіталі і быў пакінуты на другі год. За лета падрыхтаваўся самастойна, здаў экзамены за пяты клас і ў шосты пайшоў разам з аднагодкамі. У 1954 годзе скончыў Масалянскую СШ і паехаў у Маскву да брата. Вучыўся ў медыцынскім вучылішчы, адтуль быў прызваны ў Савецкую Армію.
Дэмабілізаваўшыся, працаваў грузчыкам на бетонным заводзе ў Маскве, мулярам-дэкаратарам у Цэнтральным тэатры Савецкай Арміі, кавалём на аўтазаводзе імя Ліхачова. У 1961 годзе Іван Летка паступіў на завочнае аддзяленне Літаратурнага інстытута і ў 1967 годзе паспяхова абараніў дыплом. Вучобу сумяшчаў з працай на заводзе. З 1971 года працаваў майстрам, намеснікам начальніка цэха па вытворчасці, начальнікам участка, інжынерам па кадрах.
Першы яго верш “На радзіме” быў апублікаваны ў газеце “Чырвоная змена” (1959), пасля чаго яго вершы сталі часта з’яўляцца на старонках беларускіх перыядычных выданняў, гучаць па радыё. У 1960 годзе ў часопісе “Полымя” з’явілася падборка вершаў з прадмовай Рыгора Бярозкіна. Іван Летка – аўтар чатырох зборнікаў, паэмы і балады.

Іван Летка з дочкамі.
Лірыцы Івана Леткі характэрна абвостранае эмацыянальнае ўспрыняцце навакольнага сусвету. Яркая метафарычная вобразнасць спалучаецца ў яго з апавядальна-спакойным рытмічным ладам. У паэме “Каліноўцы” створаны вобразы гераічных удзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў. У творы трапна ўжываюцца назвы гістарычных мясцін – Бераставіца, Свіслач, Зэльва, Вільна, Мастаўляны…
Бераставіцкі край шануе памяць свайго масалянскага песняра. У 2000 годзе ў раённай бібліятэцы была створана партрэтная галерэя знакамітых людзей Бераставіччыны, сярод якіх і Іван Летка. Першы адкрыты раённы фестываль паэзіі “Масалянскія салаўі” быў прысвечаны паэту. З 2012 года ў раённым краязнаўчым музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы адкрыта пастаянная экспазіцыя “Нашыя славутыя землякі”, дзе змешчаны памятныя рэчы Івана Леткі.
Беларускае Радыё Рацыя