13 кастрычніка спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння беларускага грэка-каталіцкага святара, публіцыста, выдаўца, паэта і педагога Баляслава Пачопкі (1884-1940).

Святар Баляслаў Пачопка
Сям’я беларускага святара Баляслава Пачопкі апынулася ў Польшчы пасля ягонай смерці. Як толькі не стала гаспадара, у сям’і ўзнік страх, што хутка ўсіх могуць вывезці ў Сібір. Таму аднойчы ноччу Пачопкі таемна і назаўсёды пакінула вёску Бабровічы Івацэвіцкага раёна, дзе яны жылі. Жонка Баляслава Пачопкі — Марцыяна з дзецьмі спачатку выехала на Віленшчыну, а па вайне — у Польшчу. Яна пражыла 79 гадоў і памерла ў Беластоку ў 1972 годзе.
Дарэчы, у жніўні 2006 года ўнук Баляслава Пачопкі разам са сваёй дачкой Даротай і сястрой Даротай Андрышук, а таксама іншымі сваякамі, наведалі Беларусь. Яны пабывалі ў Івацэвіцкім раёне — на магіле слыннага Баляслава Пачопкі ў Целяханах і ў тых мясцінах, дзе ён жыў і вёў душпастырскую працу.
Магіла беларускага святара на целяханскіх могілках была знойдзена толькі праз 60 гадоў. Восенню 2004 года там адбылося асвячэнне помніка а.Баляславу Пачопку. Помнік з дрэва, з выяваю ўваскрослага Пана, зрабіў мастак з Баранавіч Мікола Колас.

Баляслаў Пачопка, 1915 г.
Баляслаў Пачопка нарадзіўся ў 1884 годзе ў засценку Уляны недалёка ад Вільні ў дваранскай сям’і Антона Пачопкі. Быў ахрышчаны ў Рукойненскім парафіяльным рымска-каталіцкім касцёле, у якім у сакавіку 1840 годзе хрысціўся Францішак Багушэвіч.
Восенню 1905 года Баляслаў Пачопка быў залічаны выхаванцам Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Правучыўся там два гады і ў чэрвені 1907 года пакінуў семінарыю. І толькі ў 1920-х гадах ён завочна скончыў духоўную грэка-каталіцкую семінарыю ў Львове.
У студзені ў 1913 года ў Вільні пачынае выходзіць на беларуская мове лацінкай штотыднёвая грамадска-палітычная, літаратурна-мастацкая і рэлігійна-асветная каталіцкая газета нацыянальна-дэмакратычнага кірунку “Беларус” (“Belarus”). Яна адразу атрымала папскае благаслаўленне, што ўзвышала маральны аўтарытэт “Беларуса” у вачах духоўных і свецкіх чытачоў. Рэдактарамі-выдаўцамі спачатку быў Антон Быкоўскі, а пасля Баляслаў Пачопка. Газета была даволі разнастайнай. Яна друкавала вершы, аповесці, апавяданні, нарысы, песні, паданні, апісвала народныя гульні, каталіцкі касцёльны каляндар, сялянскія парады, артыкулы на эканамічныя, гістарычныя і палітычныя тэмы, казанні святароў на тэмы маралі і педагогікі, жыціі святых, малітвы і г.д. На яе старонках свае творы друкавалі Алесь Гарун, Андрэй Зязюля, Гальяш Леўчык, Казімір Сваяк, Альберт Паўловіч і іншыя творцы. З газетай шчыра сябравалі прадстаўнікі беларускага каталіцтва Аляксандр Астрамовіч, Генрык Бэта, Язэп Рэшаць, Адам Станкевіч, Кастусь Стаповіч, Люцыян Хведзька.

Рухавіком Беларуса быў Баляслаў Пачопка
Рэдагуючы газету, Баляслаў Пачопка запланаваў пры ёй і выданне бібліятэчкі “Беларуса”. Праўда, на ўсё не хапала фінансаў, але на дапамогу прыйшла княгіня Магдалена Радзівіл, якая шчыра вітала і газету, і бібліятэчку. Княгіня шчодра фінансавала беларускае газету і кнігі бібліятэчкі. Праўда, летам 1915 года выданне “Беларуса” было спынена з-за ваенных падзеяў Першай сусветнай вайны. Але за час выпуску “Беларуса” выйшлі з друку 9 кніг бібліятэчкі. Сярод гэтых кніг былі і беларускамоўныя выданні лацінкай Баляслава Пачопкі. У 1914 годзе асобнымі кніжкамі выходзяць ягоныя “Мятавыя лісточкі” накладам 2000 асобнікаў, а ў 1915 годзе — “Чалавек на вышыні сваёй годнасці” накладам 1000 асобнікаў, потым — “Бог з намі. Беларускі малітоўнік” накладам 3000 асобнікаў, а таксама “Жыццё св. п. папежа Піуса Х” Аляксандра Ельскага ў перакладзе Баляслава Пачопкі. У 1916 годзе газета “Гоман” выдае працу беларускага святара, якая называецца “Святы Езафат Кунцэвіч”, а ў 1932 годзе свет пабачыць яшчэ адна кніга а.Пачопкі пад назовам “Як вучыць жыць і верыць св.Хрыстова Паўсюдная Царква”.

Граматыка беларускай мовы Баляслава Пачопкі
Першыя спробы ўнармаваць беларускі правапіс рабіліся, звычайна ў межах нарматыўнай граматыкі, яшчэ да Браніслава Тарашкевіча — на пачатку ХХ стагоддзя Эдвардам Будзькам, Антонам Луцкевічам, Янкам Станкевічам, Рудольфам Абіхтам, а таксама Баляславам Пачопкам. Менавіта Баляслаў Пачопка ў 1918 годзе выдае лацінкай першую “Граматыку беларускай мовы”. Вядома, яна была яшчэ недасканалай, неўнармаванай, няпоўнай. Але яна была першай, яна паклала пачатак замацавання асновы беларускай літаратурнай мовы ды стала пачаткам устанаўлення хоць яшчэ і недасканалага правапісу. Што пазней зрабіў Браніслаў Тарашкевіч, які падсумаваў практыку пісьмовае мовы тае пары, а яго граматыка адыграла вядучую ролю ў развіцці беларускай літаратурнай мовы, стантартызацыі беларускага правапісу. Магчыма, не без дапамогі першай граматыкі Баляслава Пачопкі.

Віленскія беларускія настаўніцкія курсы. Сядзяць Іван Луцкевіч, Баляслаў Пачопка (кіраўнік курсаў), Антон Луцкевіч. 1916 г.
У верасні 1915 года Вільня апынулася ў нямецкай зоне. Некаторыя беларускія дзеячы, як піша Юры Туронак у сваёй кнізе “Мадэрная гісторыя Беларусі” (Вільня, 2006. С.453-454), былі пакліканыя ў расейскую армію, а іншыя эвакуіраваліся ў Расею. Праз год Баляслаў Пачопка быў прызначаны дырэктарам у адкрытай нямецкімі ўладамі беларускай настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы. Адначасова тут ён працуе выкладчыкам беларускай і лацінскай моў. Праца ў семінарыі працягвалася нядоўга, бо ў 1921 годзе польскія ўлады беларускую навучальную ўстанову зачынілі. І тады Баляслаў Пачопка едзе на Ваўкавышчыну і працуе настаўнікам. Але там ён вырашае поўнасцю прысвяціць сябе рэлігіі. Пачопка звяртаецца ў Ватыкан з просьбай дазволіць яму прыняць усходні абрад. Такі дазвол ён хутка атрымлівае, а мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі ў 1926 годзе ў Львове асабіста пасвячае яго на святара візантыйскага абраду.
У 1926 годзе Баляслаў Пачопка з жонкаю і з пяццю дзецьмі прыязджае на Палессе ў вёску Бабровічы Косаўскага павета (цяпер Івацэвіцкі раён). Як згадвае сын Баляслава Пачопкі — Пётр Пачопка (Царква, 2001, № 3.С.14), спачатку сям’я пасялілася ў кватэры ляснічага Чашэйкі-Сахацкага, бо плябань патрабавала рамонту. У дрэнным стане была і царква. Але хутка ўніяцкі святар пачаў будаваць новую царкву пры фінансавай дапамозе ўсё той жа Магдалены Радзівіл. І ў чэрвені 1938 года імша і ўсходні малебен адпраўляліся ўжо ў новай царкве. Баляслаў Пачопка працуе пробашчам не толькі ў Бабровічах, але і вікарыем у лацінскай парафіі ў Целяханах. Акрамя сваёй святарскай місіі, беларус-уніят шмат піша. Ён актыўна выступае на ўніяцкіх канферэнцыях у Пінску па пытаннях удакладнення ўсходняга абраду, друкуецца ў беларускіх каталіцкіх выданнях. За прыхільнасць да беларускай мовы і культуры яго пастаянна праследавалі польскія ўлады.
У верасні 1939 года на Палессе прыходзіць ужо савецкая ўлада. Як згадвае сын святара — Пётр Пачопка, адразу пачаўся новы пераслед уніяцкай парафіі ў Бабровічах. “Былі гэта нечаканыя рэвізіі пад выглядам пошуку зброі, падаткавыя загады, якія сплаціць было немагчыма з прычыны іх значнай сумы, сталая прысутнасць партыйных дзеячаў, а часта і афіцэраў НКВД, пасля чаго нярэдка адбываліся допыты. У рэшце рэшт у лютым 1940 года быў учынены пагром у царкве, былі скінуты іконы з іканастасу і са сценаў, пры гэтым было пабіта шкло, былі знішчаныя падсвечнікі і нават пашкоджаны алтар і даразахоўніца, у якой, на шчасце, не было тады святых Дароў. Праз два або тры дні пазней прыйшоў “председатель сельсовета” і, звяртаючыся да тых дзеячаў, выкрыкнуў: “Он сам это сделал для подрыва власти”, — прыгадваў Пётр Пачопка (Царква, 2001, № 3.С.14).
Пасля такіх ператрусаў, Баляслаў Пачопка трапляе некалькі разоў у шпіталь у Целяханы. Яго пачынае трывожыць сэрца. Позняй восенню 1940 святар зноў трапляе ў шпіталь і хутка памірае. Па адных звестках, ён памёр ад сардэчных недамаганняў, а па іншых — яго вечарам збілі невядомыя асобы, падасланыя НКВД.

Бабровіцкая царква. Паштоўка 1930-х гадоў
Беларускае Радыё Рацыя