BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аўтару паэмы “Рагнеда” – 110 гадоў

15 кастрычніка спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, вязня сталінскаіх лагераў Лявону Шпакоўскаму-Случаніну (1914-1995).

Нарадзіўся Лявон Шпакоўскі-Случанін у сялянскай сям’і  на Случчыне.

У 1929 годзе Лявон скончыў Лучнікоўскую сямігадовую школу і паступіў у Слуцкі педагагічны тэхнікум. Аднак вучобу хутка спыніў і паступіў у Менскі тэатральны тэхнікум, бо вельмі захапляўся мастацкай творчасцю Уладзіслава Галубка і яго артыстычнай трупы. Але ж як сына серадняка яго залічылі без права атрымання стыпендыі. Без грошай жыць у Менску было праблематычна, таму давялося вярнуцца ў педтэхнікум у Слуцк. З трэцяга курса паступіў на літаратурны факультэт Менскага вышэйшага педагагічнага інстытута, які скончыў у 1936 годзе. Атрымаў накіраванне на працу выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў горад Чэрыкаў Магілёўскай вобласці.
Тут 29 верасня 1937 года Лявона Шпакоўскага арыштавалі, абвінавацілі ў антысавецкай агітацыі і прапагандзе. Пастановай «тройкі» ад 2 снежня 1937 года яго прыгаварылі да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Ды адбылося амаль неверагоднае: чэкісты прызналі беспадстаўнасць арышту, 28 кастрычніка 1939 года Чэрыкаўскі раённы аддзел НКУС БССР спыніў супраць яго справу.
Пасля вызвалення з лагера Лявон вярнуўся ў Лучнікі, пачаў настаўнічаць у сярэдняй школе № 3 горада Слуцка, а з 1940 года выкладаў рускую мову і літаратуру ў мясцовым педтэхнікуме. З пачаткам вайны жыў у бацькоў, да 1943 года быў дырэктарам Лучнікоўскай школы, а потым – школьным інспектарам Слуцкай акругі, адначасова супрацоўнічаў у акруговай «Газеце Случчыны»
Пры адступленні са Случчыны гітлераўскіх захопнікаў, выехаў у Германію. Ён разумеў, што працу на акупіраванай тэрыторыі савецкая ўлада вызначае як калабарацыянізм і гэтага яму не даруе. Так яно пазней і аказалася. У Германіі працаваў на цукровай фабрыцы, карэспандэнтам часопіса Саюза беларускай моладзі «Малады змагар», чорнарабочым. Калі ў красавіку 1945 года мясцовасць, дзе жылі Шпакоўскі з жонкай, апынулася ў амерыканскай акупацыйнай зоне, ім давялося вярнуцца ў Лучнікі.
На радзіме Лявона Случаніна арыштавалі зноў і асудзілі на 15 гадоў папраўча-працоўных лагераў і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Адбываць пакаранне давялося на Поўначы. Пасля вызвалення з лагера ў 1955 годзе (лагерны тэрмін быў зменшаны да 10 гадоў) жыў у горадзе Варкута, працаваў загадчыкам кансультацыйнага пункта рэспубліканскай завочнай школы Комі АССР. У 1973 годзе вярнуўся на радзіму і жыў у Салігорску, дзе і памёр 25 кастрычніка 1995 года.

Яшчэ ў школьныя гады Лявон Случанін пачаў пісаць вершы, а першыя публікацыі ў друку адносяцца да 1936 года. Менавіта тады газета «Звязда» змясціла ў яго перакладзе на беларускую мову «Вершы аб савецкім пашпарце» Уладзіміра Маякоўскага, газета «Рабочий» – прысвечаны Максіму Горкаму верш «Буравесніку рэвалюцыі», а часопіс «Полымя рэвалюцыі» – верш «Нашаму Янку Купалу». У ваенны час яго вершы друкавалі «Газэта Случчыны», «Беларуская газэта» (Менск), «Голас вёскі» (Менск), «Раніца» (Берлін), часопіс «Новая дарога» (Беласток), пасля вайны – часопісы «Беларуская думка» (ЗША), «Полымя», газета «Голас Радзімы», некаторыя іншыя выданні.
У 1943 годзе ў Слуцку выйшаў з друку паэтычны зборнік «Песняры Случчыны», дзе былі вершы і паэма «Пагоня» Лявона Случаніна, якія пазней чэкісты назвалі «адкрытай антысаветчынай

Лявон Случанін – аўтар гістарычнай паэмы «Рагнеда», якая выйшла асобным выданнем у Вільні ў 1944 годзе, у 1958 годзе – у Аўстраліі, у 1991 годзе яе змясцілі часопіс «Спадчына» (№ 4) і газета «Калийщик Солигорска». У аснове твора – гістарычныя факты, звязаныя з полацкім князем Рагвалодам і яго дачкой Рагнедай, якую князь кіеўскі Уладзімір сілай прымусіў стаць сваёй жонкай. Аўтар з любоўю, укладаючы ўсю сілу свайго таленту, выпісаў вобраз легендарнай князёўны Рагнеды – патрыёткі роднай зямлі.
«Ісус Хрыстос» – так называецца яшчэ адна паэма Лявона Случаніна, якую ён ствараў у канцы 1970-х гадоў у Салігорску.

Сваім галоўным творам Лявон Случанін лічыў аўтабіяграфічны раман у вершах «Алесь Няміра», напісаны ў 1962–1985 гадах (у 1991 годзе яго публікацыя была ў газеце «Калийщик Солигорска»). Друкуючы раман, газета пісала: «У беларускай літаратуры не многа паэтычных твораў такога памеру, мастацкія вартасці якіх роўны «Алесю Няміры». Раман насычаны дасціпна выпісанымі эпізодамі, прасякнуты чыстым лірызмам, поўны паэзіі самай высокай пробы. У ім багата жыццёвай мудрасці, глыбокіх назіранняў. Вершаваныя радкі знітаваны народным гумарам, трапнымі выслоўямі». У заключных радках рамана паэт выказаў пажаданне, каб людзі:

 …любілі, шанавалі
свой народ, сваю Радзіму,
сваю спадчыну і мову,
паважаючы і ўдумна
вывучаючы чужое,
без сляпога падражання
і пакорнасці лакейскай.
А душы сваёй вярнулі
дабрыню і незалежнасць!

Беларускае Радыё Рацыя