21 снежня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава (1934-1996).

Нарадзіўся Іван Чыгрынаў у вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Яго дзяцінства прыпала на цяжкія гады вайны. Пасля вызвалення Магілёўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Іван Чыгрынаў вучыўся ў Вялікаборскай сямігодцы, потым у Саматэвіцкай сярэдняй школе. У 1952 годзе ён паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта, які скончыў у 1957 годзе. Займаўся рэдактарскай работай у выдавецтве «Навука і тэхніка» і часопісе «Полымя» (1957–1975). Дзесяць гадоў (1975–1985) працаваў у Саюзе пісьменнікаў Беларусі: спачатку на пасадзе намесніка старшыні, потым – сакратаром праўлення. У 1978 годзе удзельнічаў у рабоце XXXIII сесіі Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у складзе дэлегацыі Беларусі. З 1987 па 1996 гады Іван Чыгрынаў узначальваў Беларускі фонд культуры. Ён выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 11-га склікання, дзе займаўся нацыянальнымі і міжнароднымі пытаннямі.
З першымі творамі – вершамі і невялікімі нарысамі пра жыццё землякоў – Іван Чыгрынаў выступіў, калі быў студэнтам. Друкаваўся ў раённых і рэспубліканскіх газетах. У снежні 1958 года ў «Чырвонай змене» была змешчана дакументальная аповесць «Тайна адной экспедыцыі». Ужо ў гэтым творы адчуваліся асаблівасці Івана Чыгрынава-празаіка: асэнсаванне матэрыялу, нешматслоўнасць і разам з тым глыбокі падтэкст, пераканаўчасць псіхалагічных характарыстык персанажаў. Пачаткам сваёй літаратурнай дзейнасці пісьменнік лічыў 1961 год, калі ў друку з’явілася апавяданне «Праз гады». З гэтага часу ён пісаў пераважна празаічныя творы. Першая кніга «Птушкі ляцяць на волю» выйшла ў 1965 годзе. Потым з’явіліся зборнікі «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), «Ці бываюць у выраі ластаўкі» (1983) і іншыя. Апавяданні пісьменніка вызначаліся рэалістычнасцю, увагай да жыцця простых людзей, разуменнем іх штодзённых клопатаў і турбот, а таксама псіхалагічнай насычанасцю, гуманістычнай скіраванасцю, адметнасцю моўнага каларыту.

Пасля твораў малога жанру Іван Чыгрынаў прыступіў да напісання раманаў «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992) і «Не ўсе мы згінем» (1996), якія звязаны аднымі героямі і месцам дзеяння (вёска Верамейкі). У іх адлюстраваны атмасфера ваеннага часу, вясковы побыт на акупіраванай тэрыторыі, арганізацыя падполля, зараджэнне партызанскага руху.


Галоўны герой гэтых твораў – народ, вобраз якога раскрываецца праз глыбокую, пільную ўвагу пісьменніка да чалавека і яго патрыятызму, што праявіўся ў суровых абставінах барацьбы з ворагам. У 1980-я гады Іван Чыгрынаў пачаў актыўна выступаць як драматург. Першыя п’есы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» былі створаны на аснове раманаў і апавяданняў. Для драматычных твораў пісьменніка характэрны тэматычная разнастайнасць, актуальнасць гучання. Ён асэнсоўвае падзеі даваеннай пары («Чалавек з мядзведжым тварам», «Ігракі»), праблемы Чарнобыля («Толькі мёртвыя не вяртаюцца», «Хто вінаваты?»). Аналізу стану грамадства пачатку 1990-х гадоў прысвечаны п’есы «Суседзі» і «Госці». Пісьменніка заўжды цікавіла гісторыя краіны, мінулае беларускага народа, і гэта знайшло адлюстраванне ў п’есах «Звон – не малітва» (пра княгіню Рагнеду) і «Следчая справа Вашчылы» (пра Крычаўскае паўстанне XVIII ст.).

Іван Чыгрынаў вядомы таксама і як кінасцэнарыст. Ён суаўтар сцэнарыя папулярнага тэлефільма «Руіны страляюць…» (1970, з Іванам Новікавым). У 1980 годзе на Беларускім тэлебачанні паводле твораў Івана Чыгрынава быў пастаўлены тэлеспектакль «Плач перапёлкі», у 1991 годзе зняты шматсерыйны тэлефільм, дзе паказаны першы перыяд вайны не праз буйнамаштабныя падзеі, а праз мноства асабістых лёсаў аднавяскоўцаў.

Плённа працаваў Іван Чыгрынаў і як літаратурны крытык. Яго работы сабраны ў кнігах «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983) і «Паміж сонцам і месяцам» (1994). У іх змешчаны таксама дзённікавыя запісы, публіцыстычныя артыкулы, аўтабіяграфія, інтэрв’ю.

За вялікія заслугі ў развіцці беларускай літаратуры Івану Чыгрынаву ў 1994 годзе было прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка Беларусі. Ён лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1974) і Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1979). Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў (1984), медалём Францыска Скарыны (1992). У 1995 годзе Іван Чыгрынаў быў выбраны ганаровым доктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з’яўляецца ганаровым грамадзянінам г. Касцюковічы (1992).

Беларускае Радыё Рацыя