24 траўня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння знакамітага паэта-песенніка, аўтара запамінальных радкоў, якія ведае кожны беларус, песні “Бывайце здаровы, жывіце багата”, Адама Русака (1904-1987).
Адам Русак нарадзіўся ў далёкім 1904 годзе ў сялянскай сям’і ў вёсцы Пясочная, якая знаходзіцца ў Капыльскім раёне. З дзяцінства ён захапляўся музыкай, і нават у арміі служыў музыкантам. Пасля спрабаваў вучыцца ў Менскім будаўнічым тэхнікуме, але неўзабаве кінуў яго дзеля сапраўднага прызвання. Скончыў у 1930 годзе Беларускі музычны тэхнікум па класе “скрыпка”, а наступныя чатыры гады вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі іграць на валторне.
Да Другой сусветнай вайны Адам Русак працаваў у Ленінградскім Малым оперным тэатры, разам з якім быў эвакуіраваны ў Арэнбург. А пасля вайны вярнуўся ў Беларусь, дзе працаваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Паэт Адам Русак і Ісак Любан – аўтары песні “Бывайце здаровы”.
З паэзіяй Адам Русак дэбютаваў яшчэ ў 1927 годзе. Тады часопіс “Чырвоны сейбіт” апублікаваў яго верш “Мая песня”. З таго часу напісаў шмат вершаў, для якіх стваралі музыку Уладзімір Алоўнікаў, Юрый Семяняка, Рыгор Пукст, Ігар Лучанок, Яўген Ціхановіч, Несцер Сакалоўскі і другія знакамітыя кампазітары. Песні на словы Адама Русака спяваў гурт “Песняры”, Зміцер Вайцюшкевіч, іншыя многія артысты эстрады.
Адам Русак – аўтар таксама такіх вядомых песень, як “Лясная песня”, “Не шукай ты мяне”, “Не за вочы чорныя”, “Дзе ты, зорка мая” і г.д.
У Адама Русака выйшлі 13 паэтычных зборнікаў. Дарэчы, два з іх – з вершамі для дзяцей. У 1964 годзе паэт быў уганараваны званнем “Заслужаны дзеяч культуры Беларусі”.
Беларускае Радыё Рацыя