25 чэрвеня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі (1905-1980).

Сярод беларускіх пісьменнікаў, якія пакінулі нашчадкам багатую творчую спадчыну і ўнеслі вялікі ўклад у развіццё нацыянальнай культуры, пачэснае месца займае Пятрусь Броўка. Ён доўгі час знаходзіўся ў эпіцэнтры літаратурнага жыцця краіны, актыўна ўплываў на яго не толькі як творца, але і як сапраўдны летапісец-мастак свайго часу.

Нарадзіўся Пятрусь Броўка ў вёсцы Пуцілкавічы на Ушаччыне ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе і вышэйшым пачатковым вучылішчы ў Лепелі. На працягу некалькіх гадоў працаваў перапісчыкам у Велікадолецкім валасным ваенным камісарыяце, справаводам у валвыканкаме, рахункаводам у саўгасе, старшынёй Маладолецкага сельсавета. У 1925 годзе ён быў накіраваны на працу ў Полацкі акруговы камітэт ЛКСМБ, з’яўляўся адказным сакратаром газеты “Чырвоная Полаччына”.

У 1931 годзе Пятрусь Броўка скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. А ў 1940 годзе быў прызначаны галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”. А калі пачалася вайна, працаваў інструктарам-літаратарам франтавой газеты “За Савецкую Беларусь”, публікаваўся ў партызанскім друку. А з 1943 года ён быў адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, потым зноў стаў галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”. У 1948–1967 гадах Петруся Броўку прызначылі старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, а з 1967 па 1980 гады ён узначальваў выдавецтва “Беларуская савецкая энцыклапедыя”, якое цяпер носіць яго імя.

Першыя вершы Петруся Броўкі былі надрукаваны 1926 годзе пад псеўданімам Юрка Баравы ў газеце “Чырвоная Полаччына” і альманаху “Наддзвінне”. З друку пачалі выходзіць яго зборнікі паэзіі “Прамова фактамі”, “Гады як шторм” (абодва 1930), “Цэхавыя будні” (1931), “Прыход героя” (1935) і іншыя. Пятрусь Броўка пісаў пра сяброўства, каханне, радасць працы, узаемаадносіны людзей і іх пачуцці. Паэта цікавілі падзеі не толькі сучаснага яму жыцця, але і грамадзянскай і Першай сусветнай войнаў. Гэта знайшло адлюстраванне ў паэмах “Праз горы і стэп” (1932) і “1914” (1935). У зборніках “Вясна Радзімы” (1937), “Шляхамі баравымі” (1940) побач з грамадскімі праблемамі значнае месца займае інтымная і пейзажная лірыка.

У гады Другой сусветнай вайны паглыбляецца эмацыянальны і рэалістычны змест паэзіі Петруся Броўкі, узмацняецца яе патрыятычнае гучанне. Тэма вайны раскрыта ў лепшай паэме аўтара “Голас сэрца” (1960). Яна прысвечана маці паэта, якая загінула ў Асвенцыме. Многія творы пасляваеннага часу звязаны з франтавой лірыкай, але пафас творчасці Петруся Броўкі вызначае тэма мірнай працы, якая асабліва ярка раскрыта ў паэме “Хлеб” (1946; Дзяржаўная прэмія СССР, 1947). Працоўны подзвіг народа, барацьба за мір адлюстраваны ў зборніках “У роднай хаце” (1946), “Дарога жыцця” (1950; Дзяржаўная прэмія СССР, 1951), “Сонечнымі днямі” (1950), “Цвёрдымі крокамі” (1954) і іншых. Плённым этапам у творчасці Петруся Броўкі сталі 1960–1970-я гады. У гэты час выйшлі зборнікі “Пахне чабор” (1959), “Далёка ад дому” (1960), “А дні ідуць…” (1962; Ленінская прэмія, 1962), “Між чырвоных рабін” (1969; Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы, 1970) і іншыя. Для твораў пісьменніка ўласцівы маштабнасць, шырокі аўтарскі гістарызм і філасафічнасць мыслення, цэласнасць лірычнага характару, афарыстычнасць, рамантычная паэтыка, песенна-лірычная скіраванасць, пільная ўвага да маральна-этычных, агульначалавечых праблем. Вершы вызначаюцца тонкім лірызмам, эмацыянальнай шчодрасцю, гуманістычным пафасам. У апошніх прыжыццёвых кнігах “Калі ласка” (1972), “І ўдзень і ўночы…” (1974), “Што сэрца праспявала” (1979), “І маладосць, і сталасць” (1980) гучаць спавядальныя матывы: пісьменнік быццам асэнсоўвае пройдзены шлях.

У літаратурнай спадчыне Петруся Броўкі акрамя паэтычных ёсць і празаічныя творы. Яго шлях як празаіка пачаўся з ранніх апавяданняў “Сымонава гора”, “Памылка”, “Тры сасны”, якія былі надрукаваны ў газеце “Чырвоная Полаччына” у 1927 і 1928 гадах. Першым буйным творам стала аповесць “Каландры” (1931). У 1956 годзе Пятрусь Броўка апублікаваў раман “Калі зліваюцца рэкі” (Літаратурная прэмія імя Якуба Коласа, 1959), у якім распавядаецца пра будаўніцтва электрастанцыі на возеры Дрысвяты ў Віцебскай вобласці. У апошнюю кнігу прозы “Разам з камісарам” (1974) увайшлі аўтабіяграфічныя апавяданні і аповесць “Донька-Даніэль”. Пятрусь Броўка пісаў таксама творы для дзяцей, займаўся мастацкім перакладам, публіцыстыкай, працаваў над лібрэта опер.

Урад высока ацаніў творчую і грамадскую дзейнасць пісьменніка. У 1966 годзе Пятрусь Броўка быў абраны акадэмікам Акадэміі навук БССР. У 1972 годзе атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы, праз тры гады стаў заслужаным дзеячам навукі БССР, у 1976 годзе лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР за ўдзел у стварэнні дванаццацітомнай “Беларускай савецкай энцыклапедыі”. Пятрусь Броўка – ганаровы грамадзянін Ушач і Менска. На будынку, дзе апошнія гады жыў пісьменнік, і ў вёсцы Пуцілкавічы ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі. У сталіцы працуе Літаратурны музей Петруся Броўкі, а на яго радзіме – дом-музей. Імем паэта названы вуліцы ў Менску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Бешанковічах і іншых гарадах Беларусі.






Беларускае Радыё Рацыя






