Андрэй Духоўнікаў – беларускі мастак, суініцыятар стварэння Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, былы дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва. Цяпер дзеяч жыве ў Сербіі, але нядаўна ён прыязджаў у Варшаву для працы з беларускімі і польскімі мастакамі ў рамках плэнеру ад арт-рэзідэнцыі “Дом Творцаў”. Вынік працэсу цяпер можна ўбачыць на выставе “Масты культуры”, пра падзею мы распавядалі раней на нашым радыё.

Сёння ж Госць Рацыі – Андрэй Духоўнікаў – распавёў нашай журналістцы пра сваё жыццё ў Сербіі і стаўленне да беларускай (і не толькі) культуры.
РР: Ці малюеце Вы цяпер у Сербіі штосьці беларускае, можа віцебскае?
Андрэй Духоўнікаў: У мяне няма такога, што я сеў і пішу Віцебск. У мяне даўно прайшоў гэты этнаграфічна-сувенірны напрамак у творчасці. Бо калі ты знаходзішся ў іншай сферы ўвогуле мыслення, ты трошкі па-іншаму ставішся да архітэктуры, месца ў прасторы. То бок, гэта ўсё метафізка, і Віцебск ува мне і, з іншага боку, я ўвогуле не збіраюся вяртацца ў Віцебск. Я заўсёды ўсім кажу, што не хачу вяртацца ў Віцебск. Я вельмі люблю тых людзей, якія там ёсць, многа маіх сяброў. Я не магу сказаць, што я гатовы вярнуцца ў Віцебск. Бо ў мяне новыя справы. І Бог мне даў магчымасць пражыць яшчэ іншае жыццё, без нашых людзей, якія табой камандуюць, прычым, не зусім адукаваных. Ты проста жывеш па-іншаму. Я жыву па-іншаму. Я выбраў Сербію. І мне добра. Я падарожнічаю па свеце, па Еўропе. Увесь час нейкія пленэры. Мяне гэта задавальняе.
А Віцебск, ён жыве. Для мяне гэта тое, чым я займаўся апошня 15 гадоў свайго жыцця. Гэта Малевіч, Лісіцкі, Шагал, гэта Віцебская школа, уплыў Віцебскай школы на сусветную культуру. Гэта вельмі складаная тэма. Яна неяк не вельмі перасякаецца з тэмай беларускасці. Беларускую культуру крыху спрашчаюць, пераводзяць яе ў этнаграфічную плоскасць. Насамрэч, землі беларускія, я маю на ўвазе Віцебск, прынамсі, яны далі свету вельмі сур’ёзны імпульс адносна моманту Парыжскай школы. Гэта сур’ёзна. Мяне гэта бянтэжыць, таму што сусветнае мастацтва, авангард, сучаснае мастацтва – гэта ўсё зараджалася ў Віцебску. І мяне гэта ўсё засмучае, калі гавораць пра Язэпа Драздовіча, пра нейкіх мастакоў, а не называюць мастакоў, якія зрабілі вялізны ўнёсак у сусветную культуру.
Нагадаем, выстава “Масты культуры” ладзіцца да 7 снежня ўключна з 17:00–20:00 на пляцоўцы Gallery.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






