BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Бардаўская восень” – фестываль, які адкрывае імёны”

У Бельску-Падляшскім працягваецца фэст “Бардаўская восень”. Сёлета падзея адбываецца ўжо 30-ы раз. Госця Рацыі – наша рэдакцыйная калега Марына Савіцкая, якая назірала за ходам падзей.

Марына Савіцкая, фота: Антон Жыванаў

РР: Якія ўражанні яшчэ цёплыя ад першага дня фестывалю?

Марына Савіцкая: Дакладна, цёплыя. І мне падаецца, што слова цёплыя як нішто іншае пасуе больш за ўсё да гэтага. Мы ўчора, калі прыехалі, яшчэ ў цягніку сустрэліся з хлопцамі з “Кміт-Ансамблю”. На вуліцы дождж, надвор’е не вельмі, і заходзяць гэтыя людзі і ў іх пачынаюць інтрументы гучаць, настрой адчувацца. І адразу цёпла! У Бельску нам сустрэлася жанчына, якая ведала, куды ісці. І яна распавядае нам, наколькі шмат беларускай атмасферы тут адчуваецца. Вось тут беларускі ліцэй, тут парк, а вось тут – Дом культуры, які таксама заўсёды сустракае беларусаў. І ты ідзеш, і лье гэты дождж, восень, а прыходзіш на пляцоўку ў Дом культуры і разумееш адразу, што сапраўды, вось яна, цеплыня, вось тое, што, мне падаецца, лётае ў паветры – гэта атмасфера, якую ствараюць музыкі, арганізатары, тэатральныя дзеячы.

РР: Некалі, калі мяжа была, але яшчэ не з’яўлялася жалезнай заслонай, на “Бардаўскую восень” прыязджалі з Беларусі маладыя выканаўцы,  для каго ўдзел у конкурсе быў першым крокам у музычную кар’еру. Зараз немагчыма з Беларусі прыехаць і выступіць у Бельску на сцэне “Бардаўскай восені”.

Марына Савіцкая: Так. Але ўчора падчас дыскусіі пра “Бардаўскую восень”, якую вяла Ілона Карпюк, па відэасувязі далучаўся  Алесь Кот-Зайцаў, што, дарэчы, адметна, яны ж некалі ў складзе “Босага Сонца” выходзілі на сцэну “Бардаўскай восені”. І пасля таго, як гурт перастаў існаваць, хлопцы ізноў уз’ядналіся і вось у іх канцэрт маецца цяпер у Празе. Больш за тое, Алесь учора прыгадваў выступ Паліны Рэспублікі. Імя якой таксама адкрывалася на “Бардаўскай восені”. Натуральна, Паліна шмат што зрабіла і ў розных іпастасях і пад рознай заліўкай, але тое, што гэтыя імёны гучалі, гэта праўда. Ігар Палынскі, гурт “Сумарок”, меў дачыненне да гэтага фэсту. Таксама ён выходзіў на сцэну і зараз з задавальненнем вяртаецца ў якасці госця. І людзі, якія захапляліся музыкай не толькі цяпер, але ж і ў 2010-х плюс-мінус, у іх такая настальгічная сляза скацілася. Бо гэта сапраўды імпрэза, якая адкрывала шмат якія імёны.

РР: Сёння працяг фэсту. Што цікавага чакае удзельнікаў “Бардаўскай восені”?

Марына Савіцкая: З таго, што не было агучана, будзе выступ “Кміт-Ансамбля”. І гэта будзе гучна. Вельмі раю сёння патрапіць туды. Паэтычны стэндап “Гітара. Швэдар. Вогнішча” Віталя Рыжкова. Таксама нас чакае паказ стужкі “Лебядзіная песня Фёдара Озерава”, з удзелам рэжысёра Юрыя Сямашкі. Пачнецца другі дзень лекцыяй-прэзентацыяй “Дзяды – абрад і літаратура” Гражыны Харытанюк-Міхей.

Цалкам гутарка:

Гутарыў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя