24–25 кастрычніка ў Бельску-Падляшскім пройдзе ХХХ Фестываль беларускай аўтарскай песні “Бардаўская восень”. Арганізатары абяцаюць музычныя і паэтычныя выступы, сустрэчы, размовы і лекцыі і колькі сюрпрызаў. У лепшых традыцыях фэсту вяртаецца конкурс аўтараў-выканаўцаў. Сёлета ён адбудзецца анлайн. Пра гэта ў нашым эфіры распавядуць Госці Рацыі – арганізатары фестывалю з Фонду «Тутака» Наста Суханосік і кіраўнік Фонду – Павел Станкевіч.

РР: Якую ідэю вы ставіце перад сёлетняй конкурснай часткай фестывалю?
Павел Станкевіч: Мне падаецца, што ідэя збольшага такая, як і заўсёды – даць шанец для слухача, перадусім, пазнаёміцца з новымі творцамі. Аўдыторыя заўсёды так працуе, што цягнецца да таго, што ведае, каго ведае. А наша мэта – пашыраць і паглыбляць беларускую культуру. І таму нам пастаянна патрэбныя новыя музыкі. Канешне, ладзіць конкурс – нялёгкая справа, і можа конкурс у нас у даволі нечаканым фармаце, але пра гэта распавядзе Наста, якая займаецца конкурснай часткай.
Наста Суханосік: Павал распавёў пра адзін бок – пра гледача, але трэба згадаць яшчэ і пра другі бок – пра музыкаў. Таму што шмат аўтараў пішуць у шуфляду, а хочацца даць ім магчымасць выступу, і як казаў Павал, каб гэтыя імёны прагучалі. Гэта велізарная магчымасць для кожнага роўню музыкаў. Што датычна фармату. Як мы ведаем, заўсёды на “Бардаўскай восені” быў традыцыйны адбор, дзе збіралася журы, якое нажыва адбірала музыкаў, якія пройдуць у фінал і будуць мець выступ у рамках фестывалю. Але ў гэтым годзе мы выходзім у сеціва, таму мы робім анлайн-галасаванне. Для гэтага трэба зайсці на наш сайт tutaka.org, знайсці “Бардаўскую восень-2025”, знайсці рэгламент, вельмі дасканальна яго прачытаць і зразумець усе ўмовы ўдзелу. Калі будзе створаны Ютуб-плэй-ліст, кожны зможа зайсці і паслухаць усіх выканаўцаў, якія падаліся на конкурс, абраць таго, хто найбольш спадабаўся, і націснуць адну “галачку”, зрабіць свой выбар, і ўжо калі мы падсумуем усе галасы, менавіта гэты выступоўца, гэты гурт (ёсць абмежаванне: не больш за 4 чалавекі могуць удзельнічаць у адным выступе), і запросім пераможцу на выступ на гэтую фантастычную сцэну.
Павел Станкевіч: Але хачу заўважыць, што мы запросім пераможцу, але лічым на тое, што сам працэс галасавання, тое, што мы створым плэй-ліст адмыслова пад гэта галасаванне, таксама дасць магчымасць шмат каму паказаць сябе, каб быць пачутым. Гэта таксама важная справа, каб праз гэты саўдзел, што журы з’яўляецца аўдыторыя, так як кожнае журы павінна азнаёміцца з усімі кандыдатамі на пераможцу.

РР: У гэтым годзе звыклага журы не будзе.
Наста Суханосік: Так. І на нашую думку, можна было сабраць журы, нейкія знакамітыя прозвішчы, якія б адбіралі пераможцаў, але мы хочам даць магчымасць нашым падпісантам, людзям у сацыяльных сетках, моладзі ў першую чаргу, пазнаёміцца з гэтымі музыкамі і далучыцца.
Павел Станкевіч: А чаму толькі моладзі? Галасуйце ўсе! Як я і казаў раней, мы хочам паказаць усіх канкурсантаў для поўнай аўдыторыі.
РР: Узнагародай будзе тое, што прыедуць у Бельск. Але кожны хацеў бы можа іншую ўзнагароду? Якія прадугледжваеце ўзнагароды?
Павел Станкевіч: Выканаўцу мы абяцаем ганарар памерам 2 000 злотых брута, плюс таксама даезд да нас, харчаванне і начлег.
Наста Суханосік: Хацела б дадаць, што фестываль называецца “Бардаўская восень”, мы захоўваем гэтую назву, але барды ўжо даўно не тыя. Гэта не швэдар і вогнішча, гэта ўжо зусім іншыя барды. У нас у фондзе ёсць сваё ўяўленне – гэта музыкі, якія ствараюць аўтарскую музыку, аўтарскія тэксты. Не бойцеся, што будуць сядзець у зале нейкі нафталінавыя музыкі. Не, будуць на сцэне і ў глядзельнай зале сучасныя, маладыя, і не толькі маладыя.
РР: Ці разлічваеце на ўдзел у конкурсе выканаўцаў з Рэспублікі Беларусь?
Наста Суханосік: Мы зрабілі вялікую працу і знайшлі шмат выканаўцаў, якія знаходзяцца не толькі ў эміграцыі, альбо ўжо тут у Еўропе нарадзіліся і жывуць, але і беларускіх музыкаў. Я сама распаўсюджвала інфармацыю пра конкурс да музыкаў, якія знаходзяцца ў Беларусі. Хтосьці не адказваў, хтосьці вельмі ветліва пісаў: ”дзякуй за прапанову, але вы ўсё самі разумееце…”. Але я ўпэўнена, што ў бліжэйшы час, праз некалькі год, магчыма, гэта зменіцца.

Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






