BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Belarus Tomorrow можна цяпер глядзець не толькі праз спадарожнік

На канферэнцыі «Новая Беларусь» адбылася афіцыйная прэзентацыя незалежнай стрымінгавай платформы Belarus Tomorrow — першага беларускага медыяпраекта, які аб’ядноўвае вядучыя незалежныя СМІ, блогераў і экспертаў у адну супольную сетку вяшчання 24/7.

Belarus Tomorrow. Фота: facebook.com
Фота: facebook.com

Да гэтага часу Belarus Tomorrow ужо вяшчаў праз спадарожнік Hotbird, ахопліваючы больш за 128 000 хатніх гаспадарак у Беларусі, сігнал даступны таксама для гледачоў у краінах Еўразвязу, Турцыі, Раеіі ды інш. Цяпер да спадарожнікавага сігналу далучылася і web-версія платформы — глядзець эфір можна непасрэдна праз інтэрнэт на камп’ютарах, планшэтах і смартфонах.

У бліжэйшы час плануецца запуск поўнафункцыянальнай стрымінгавай платформы, дзе карыстальнікі змогуць не толькі глядзець прамы эфір, але і атрымаць доступ, сярод іншага, да бібліятэкі кантэнту па запыце ці наладжваць уласны расклад.

— «Мы зрабілі яшчэ адзін крок да таго, каб незалежны беларускі голас быў чутны ўсюды — у Беларусі і за яе межамі. Web-версія адкрывае наш эфір мільёнам людзей, якія не маюць доступу да спадарожнікавага тэлебачання. А ў хуткім часе паўнавартасная стрымінгавая платформа дасць яшчэ больш магчымасцяў і кантэнту», — адзначыў Павел Свердлоў, галоўны рэдактар праекта Belarus Tomorrow.

Платформа Belarus Tomorrow працуе дзякуючы шырокаму партнёрству незалежных беларускіх медыя і творчых праектаў. Сярод іх — «Еўрарадыё», Malanka Media, «Беларусы і рынак», «Зеркало», MOST, а таксама праекты «ТОК», «Беларусы Могуць», «БРЦ», TrashSmash, «Беларускі вайб», Media Hub Belarus, Razam, BELPOL, «Перетрем с Халезиным», «Будзьма Беларусамі», «Мы вернемся», «Краіна для жыцця», канал эканамісткі Алісы Рыжычэнка, праект Veridica, “Васьміног”, “Прававая ініцыятыва”, канал Паўла Валатовіча #IBMY ды іншыя. Кожны з партнёраў захоўвае сваю індывідуальнасць і брэнд, але разам яны ствараюць унікальную агульную сетку эфіру. Belarus Tomorrow — гэта першы крок да стварэння беларускага грамадскага тэлебачання, дзе будуць прадстаўленыя самыя розныя меркаванні, якое стане пляцоўкай для шырокіх дыскусіяў на шляху пабудовы новай Беларусі.

Наладзіць спадарожнікавую талерку на платформу  Belarus Tomorrow: Satellite: Hotbird 13G at 13.0E Transponder: tp 122 Frequency: 10949 MHz Polarization: Vertical Symbol rate: 27500 Ksym/s FEC: 2/3 Modulation: DVB-S2/8PSK

Глеб Германчук, Belarus Tomorrow