BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускае Купалле ў Вільні

На беразе ракі Віліі ў Вільні 29 чэрвеня беларуская супольнасць зладзіла Купалле. Імпрэза прайшла на пляжы ў Валакампяй з удзелам Святланы Ціханоўскай і супрацоўнікаў яе кабінета. Яна там прысутнічала як прыватная асоба, але не засталася па-за ўвагай наведвальнікаў свята.

YouTube player

Валянцін Стэх

Свята пачалося з расповеда старшыні беларускага клуба “Сябрына” Валянціна Стэха пра больш чым 110-гадовую гісторыю святкавання Купалля ў Вільні. Ён згадаў яшчэ тыя часы, калі ў Вільні святкавалі Купалле Янка Купала і Змітрок Бядуля:

– Тут быў Янка Купала, не ведаю, былі яны ў пары са Змітраком Бядулем, ці можа яны былі паасобку, гэтага не магу сказаць. Адным словам, ён узяў непасрэдны ўдзел у гэтым свяце, якое доўжылася не так, як наша. Мы а 22-й патроху пачынаем збірацца дадому, а яны спявалі да раніцы наступнага дня. Я не думаю, каб Янка Купала ці Змітрок Бядуля перабольшвалі, калі яны пішуць, што паабапал рэчкі, па абодвух берагах Віліі стаялі дзясяткі тысяч жыхароў Вільні, вось гэта быў маштаб.

Арганізавалі імпрэзу Беларускі клуб “Сябрына” і музычныя калектывы “Беларускі Цуд”, “Гоман” і “Ойра”.

Як кажа кіраўніца музычнага гурта “Беларускі Цуд” Святлана Чакушка, Купалле – гэта тое свята, якое яднае беларусаў з жыхарамі Балтыі.

– Важна гэта захоўваць нават у эміграцыі. Плюс я бачу тут цудоўных людзей, і гэта такая класная магчымасць, каб проста сустрэцца, пагаманіць, пабачыць адзін аднаго. Бо за справамі, за працай, жыццёвымі праблемамі, увогуле за агульнай сітуацыяй, якая зараз у Беларусі і ўвогуле ў свеце, мы часам губляем гэтыя сувязі і адчуванне еднасці. Гэта класная магчымасць, каб быць разам.

Падчас Купалля па традыцыі шукалі і папараць-кветку. Яе знайшла дзяўчына, якой арганізатары падаравалі прыз – сертыфікат на вячэру на дваіх у ”Карчме 1863”.

YouTube player

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя