Беларускі пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч атрымаў Лейпцыгскую кніжную прэмію “за ўклад у еўрапейскае паразуменне”. Быў адзначаны яго раман “Сабакі Еўропы”, які ў Беларусі прызналі “экстрэмісцкім”.
Бахарэвіч адзначае, што гэта “значная і важная міжнародная ўзнагарода”.
“Рады, што мая галоўная кніга ацэненая так высока; рады, што яна чытаецца, перакладаецца, абмяркоўваецца, — піша пісьменнік на сваёй старонцы ў Facebook. — Рады апынуцца сярод лаўрэатаў гэтай прэміі — такіх, як Імрэ Кертэс, Святлана Алексіевіч, Рышард Капусцінскі, Ян Кершоў, Кляўдыё Магрыс, і іншых… Гэты год быў надзвычай удалы для нямецкіх і беларускіх “Сабакаў”.
Цырымонія ўрачыстага ўзнагароджання пройдзе ў межах міжнароднай Лейпцыгскай кніжнай выставы 26 сакавіка 2025 года.