Вуліцу Карла Маркса ў Менску можна смела назваць сапраўдным сузор’ем, месцам, дзе сканцэнтравалася вялізарная колькасць беларускіх “зорак”, значных, вядомых, лёсавызначальных асобаў: ад пісьменнікаў да кіраўнікоў горада і краіны. Менавіта тут пісаліся знакамітыя кнігі і прымаліся важныя рашэнні.

Вуліца Карла Маркса мае багатую гісторыю, якая налічвае сотні стагоддзяў. У розныя перыяды яна насіла назвы Лошыцкая, Базарная, Падгорная, а ўжо за савецкімі часамі атрымала назву спачатку Свярдлова, а пазней – з 1922 года – Маркса (з невялікім перапынкам падчас вайны, калі мела назву Kommandantur straße). Следставам размяшчэнне ў самым цэнтры горада стала вялікая канцэнтрацыя важных для горада і краіны устаноў і будынкаў: банк, рэзідэнцыя, музей, тэатр, гімназія, федэрацыя, камітэт і гэтак далей. З гэтым звязана і адметнасць самой архітэктуры вуліцы. Тым не менш у гэтай шчыльнай забудове заўсёды знаходзілася месца і для жылых дамоў.
Каб пералічыць усе дамы і імёны вядомых асобаў, якія жылі на гэтай вуліцы, спатрэбіцца аб’ём цэлай энцыклапедыі. Таму распавядзем толькі пра некаторыя з іх, якія найбольш вядомыя шырокаму колу беларусаў. Пэўна найбольш цікавымі у гэтым плане з ліку жылых будынкаў на вуліцы Карла Маркса ёсць дамы пад нумарамі 30 і 36.
Будынак №30 узводзіўся па праекце знакамітага архітэктара Генрыха Гая і належыў беларускаму хірургу Сігізмунду Свянціцкаму. Гэты дом адметны надзвычай вялікай канцэнтрацыяй палітыкаў і дзяржаўных дзеячаў сярод жыхароў. Тут жылі кіраўнікі саветскай Беларусі Аляксандр Чарвякоў, Мікалай Галадзед, Панцеляймон Панамарэнка, а таксама Сымон Рак-Міхайлоўскі і Кірыл Мазураў. На некаторы час у гэтым доме спыняўся Фелікс Дзяржынскі. Але сярод вядомых жыхароў былі не толькі палітыкі, але і славутыя творцы ды навукоўцы, сярод якіх: Цішка Гартны, Пятрусь Броўка і Мікалай Нікольскі.

Цішка Гартны
Але найбольш багатым на творцаў быў дом №36, які яшчэ называюць Дом пісьменнікаў. І не здарма, бо ўзводзіўся ён па ініцыятыве Янкі Маўра, як жылы дом Саюза пісьменнікаў БССР. У розныя часы тут жылі такія знакамітыя беларускія аўтары, як Іван Шамякін, Янка Маўр, Іван Мележ, Пятро Глебка, Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч, Уладзімір Някляеў, Васіль Вітка, Вячаслаў Адамчык, Адам Глобус і многія-многія іншыя. Цікава, што дрэвы вакол дома №36 высажвалі акурат самі яго жыхары.

дом нумар 36
На гэтай жа вуліцы жыў і знакаміты граф Караль Гутэн-Чапскі, палац якога не захаваўся да нашага часу – ён быў зруйнаваны, а на ягоным месцы пабудаваны будынак, у якім цяпер месціцца так званая адміністрацыя прэзідэнта і дзе за часамі вайны знаходзіўся кабінет гаўляйтэра Вільгельма Кубэ.
Калі не абмяжоўвацца выключна тымі адметнымі асобамі, якія жылі ў тым ці іншым доме гэтай вуліцы, ды, тым не менш, звязаныя з яе гісторыяй, то спіс можна будзе істотна падоўжыць. Так, напрыклад, немагчыма абыйсці ўвагай будынак Купалаўскага тэатра і падзею, якая ў ім адбылася, а менавіта Першы Усебеларускі з’езд. Так, спіс беларускіх знакамітасцяў можна папоўніць імёнамі заснавальніка газеты “Наша Ніва” і сенатара Польшчы Аляксандра Уласава, пісьменніцы Зоські Верас, старшынь Беларускай Народнай Рэспублікі Яна Серады, Пятра Крачэўскага, Язэпа Лёсіка і Васіля Захаркі, заснавальніка беларускай Акадэміі навук Аркадзя Смоліча, пісьменніка Алеся Гаруна і іншымі.
Тут жа побач пазней знаходзіўся Дом камуністычнага выхавання імя К. Маркса, на літаратурных вечарынах якога сярод іншых былі і Янка Купала ды Якуб Колас. А з улікам агромністай канцэнтрацыі на вуліцы рознага кшталту значных установаў, спіс імёнаў навукоўцаў, спарстмэнаў, актораў, мастакоў, музыкаў, пісьменнікаў, палітыкаў і гістарычных дзеячаў можа і ўвогуле стаць бясконцым. І гэта толькі за мінулае стагоддзе!

Янка Маўр і Якуб Колас з унукам
Такім чынам, нягледзячы на назву, можна лічыць, што гэтая вуліца адна з тых, якая найбольш яскрава і канцэнтравана адлюстроўвае ў сабе гісторыю ўсёй Беларусі. Магчыма, не будзе перабольшваннем і калі казаць, што менавіта з гэтай вуліцай звязаныя жыцці найбольшай колькасці асобаў, якія ўплывалі на Беларусь і жыццё розных пакаленняў беларусаў.
К. С., Беларускае Радыё Рацыя






