BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларуская кніга на Беластоцкім кніжным кірмашы

25-27 красавіка ў Беластоку адбудзецца Кніжны кірмаш, падчас якога запланаваныя і мерапрыемствы, датычныя беларускай літаратуры. На месцах 79-80 размесціцца салон незалежных беларускіх выдавецтваў.

У праграме: аўтограф-сесіі, сустрэчы з аўтарамі і многа беларускіх кніг.

25 красавіка (пятніца)

Салон незалежных беларускіх выдавецтваў
16.00 – аўтограф-сесія Міхала Андрасюка, кніга “Żubr” на польскай мове, першае выданне Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку.
Міхал Андрасюк — аўтар шматлікіх апавяданняў і раманаў, жыве ў Гайнаўцы і вёсцы Вoйнаўка на польска-беларускім памежжы, піша па-беларуску і па-польску. Калі хочаце болей даведацца пра Гайнаўку канца мінулага стагоддзя з яе “няўлоўнай для чужых магіяй”, то кніга “Żubr” для вас.

26 красавіка (субота)

Салон незалежных беларускіх выдавецтваў
11:30 – аўтограф-сесія Ганны Кандрацюк, кніга на беларускай мове “Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці” (Цэнтр беларускай культуры). Кніга – гэта сем партрэтаў незвычайных асобаў: Кастуся Каліноўскага, Ежы Папялушкі, святой Марыі (Петручук), Алеся Пушкіна, Юркі Гіля, Надзеі Артымовіч, Юры Гумянюка.
Ганна Кандрацюк – журналістка, пісьменніца з Падляшша. З 1993 года супрацоўнічае з тыднёвікам беларусаў у Польшчы “Ніва”.

Зал №2
12.30 – аўтарская сустрэча з сёлетнім лаўрэатам Ляйпцыгскай кніжнай прэміі еўрапейскага паразумення Альгердам Бахарэвічам.
Беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч прэзентуе сваю новую кнігу “Папяровы голем”, якая з’явілася ў выдавецтве “Янушкевіч” восенню 2024 года. Твор складаецца з лаканічных і правакацыйных тэкстаў пісьменніка, якія з’явіліся ў эміграцыі.

Салон незалежных беларускіх выдавецтваў, аўтограф-сесіі
13.30 – Альгерд Бахарэвіч, кніга “Папяровы голем”
14:30 – Цімур Кудзеліч, раман “Значныя дні”.
15:30 – Андрэй Скурко.
16:30 – Зміцер Дзядзенка, кніга “Гульні Цырцэі”

27 красавіка (нядзеля)

Зал №2
10:30 – Сустрэча з класікам беларускай літаратуры і сябрам Праграмнай Рады Цэнтра Уладзімірам Арловым, які напісаў уступнае слова да кнігі ўспамінаў Ларысы Геніюш “Птушкі без гнёздаў”. Выданні на беларускай і польскай мовах Цэнтра беларускай культуры і Фонда Kamunikat.org.
Ларыса Геніюш прайшла праз расстрэл бацькі, эміграцыю, пазбаўленне чэшскага грамадзянства, выдачу савецкім уладам, турму, допыты КДБ, ГУЛАГ. Пра яе нялёгкі лёс і выпрабаванні яна і згадвае ў сваёй кнізе.

Салон незалежных беларускіх выдавецтваў, аўтограф-сесіі

11:30 – Уладзімір Арлоў
13:00 – Алесь Аркуш, двухмоўны паэтычны зборнік “Чаму праўда такая слабая?”
15:00 Aleś Bieły / Алесь Белы з кнігай “Самы цымус”

Таксама падчас Кніжнага кірмашу адбудзецца старт продажаў новай кнігі прозы Барыса Пятровіча “Цнота на потым” (Фонд Kamunikat.org).
У новую кнігу прозы Барыса Пятровіча ўвайшлі дзве аповесці і эсэ. Гэта захапляльнае падарожжа па пазнавальных краявідах Менска ды іншых гарадоў і мястэчак Беларусі, а таксама знаёмства з неардынарнымі асобамі, якія сталі героямі твораў. У першай аповесці “наіўны дэтэктыў” расследуе таямнічую смерць бабулі-суседкі ў Менску, у другой — журналіст-спецкар распавядае пра свае амаль прыгоды падчас камандзіровак па Беларусі. Эсэ прысвечана падзеям першага постчарнобыльскага месяца на гомельскім Палессі.

У гэтыя ж дні, калі праходзіць Кніжны кірмаш, адбудзецца сустрэча з Юліяй Цімафеевай пад назвай “Аўтапартрэт у выглядзе костачкі авакада” Вершы і размовы пра тое, адкуль мы, хто мы і куды мы ідзём.

26 красавіка, 19.00
Беларускі Хаб “Новая Зямля” / Białoruski Hub “Novaja Ziamla”
вул. Св. Роха 5, памяшканне 32, Беласток/