BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларуская кніга пад прэсам рэпрэсій

“Беларуская кніга пад прэсам рэпрэсій” – так называецца адмысловы маніторынг, які праводзіў Беларускі ПЭН, фіксуючы парушэнне культурніцкіх правоў пераважна пасля пратэстаў, калі гэтыя рэпрэсіі гвалтоўна пашырыліся. «2020 год стаў пераломным для сферы культуры Беларусі», чытаем у дакладзе.

Таццяна Нядбай

225 забароненых кніг, сфармаваліся адмысловыя спісы, якія паказваюць тэндэнцыю, заўважае Таццяна Нядбай з Беларускага ПЭНу:

-Тры спісы. Адзін – гэта кнігі, якія ўваходзяць у “спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”. І вось мы выбіраем адтуль мастацкія кнігі, якія лічым, што яны з палітычных прычынаў трапілі туды. Другі спіс – гэта матэрыялы, якія “могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”. І там таксама не толькі кнігі, але і кнігі таксама пераважна замежнікаў.

Іншая беларуская асаблівасць – самацэнзура, калі кнігарні ці бібліятэкі самі разумеюць, што кніга ці аўтар могуць быць непажаданымі. Беларусі ПЭН таксама гэта фіксуе, працягвае Таццяна Нядбай:

-Трэці спіс – гэта нефармальны, куды трапляе ўсё, што прадаўцы ў кнігарнях, бібліятэкары ўжо ведаюць, што гэтыя кнігі нельга трымаць на паліцах. Кнігі на гістарычную тэматыку складаюць вялікую частку забароненых кніг.

Актывізавалася тэма пасля заяваў чыноўнікаў, якія падпарадкаваныя Аляксандру Лукашэнку. Так напрыклад, міністр інфармацыі Марат Маркаў сказаў, што забарона кніг – гэта “не цэнзура ў класічным разуменні, а аналаг санітарнага кантролю і прышчэпкі адначасова”. У кастрычніку 2023 года набылі моц змены ў закон аб выдавецкай справе, якія дазволілі ў Беларусі афіцыйна фармаваць так званы «спіс друкаваных выданняў, забароненых да распаўсюджвання».

Беларускае Радыё Рацыя