BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларуская мужчынская песня загучала на вуліцах Варшавы

Гурт “Касары” прэзентуе свой першы кліп на народную бяседную песню “Ой, да сонцэ”.

 Аўтар фота: Аляксандр Валодзін

“Відэа — спроба асэнсаваць адну з найважнейшых роляў “Касароў” як гурта, які не чакае слухачоў і гледачоў у канцэртнай зале, а выходзіць да іх сам: на вуліцы, у бары, у парк — нават у самых нечаканых мясцінах горада можна пачуць гучныя непаўторныя мужчынскія спевы. Мінімалістычная сцэнаграфія ўзнікла з ідэі выкарыстання прадмета, вакол якога беларусы спявалі той рэпертуар, які выконвае калектыў — бяседныя песні. Канцэпцыя роліка прадугледжвала спробу перформансу і імправізацыі: уцягнення ў спеў жыхароў горада і турыстаў. Ад світанку да заходу сонца стол, за якім спявалі “Касары”, вандраваў па Варшаве. Мы пачалі а 4-й раніцы над Віслай, працягнулі а 7-й у Старым горадзе, здымалі па абедзе на прыступках Палаца культуры і навукі”, — кажа рэжысёр кліпа Дзяніс Дзюба.

Калектыў “Касары” быў створаны восенню 2023 года ў Варшаве ў межах студыі мужчынскіх спеваў, арганізаванай вядомым спеваком і выкладчыкам Сержуком Доўгушавым. Гурт спявае выключна народныя беларускія мужчынскія песні: ваярскія, бяседныя, лірычныя, касарскія і валачобныя. За гэты час гурт ужо даў некалькі сольных канцэртаў у розных гарадах Польшчы, выступаў на Падляшшы і на вядомым фестывалі электроннай музыкі “Varušniak”, зладзіў Валачобны абрад і яскрава адкалядаваў у Прэзідэнцкім палацы ў Варшаве. У бліжэйшых планах “Касароў” — запіс першага альбома, у якім будуць прадстаўлены розныя жанры беларускай мужчынскай песні: ад ваярскіх да лірычных. Акрамя таго, гурт плануе выступы ў іншых еўрапейскіх гарадах і працуе над новымі праектамі, якія злучаць беларускую традыцыйную музыку з сучаснымі формамі мастацтва.

Гурт “Касары” не проста выконвае народныя песні, але і нясе важную культурную місію — захаванне ўнікальнай традацыі мужчынскіх спеваў і папулярызацыя беларускай музычнай спадчыны за межамі Беларусі. Іх канцэрты, імправізацыі на вуліцах і ўдзел у розных культурных мерапрыемствах Польшчы спрыяюць таму, каб беларуская культура не знікала, а знаходзіла новыя формы і слухачоў.

Далучайцеся да музычнага падарожжа разам з мужчынскім гуртом “Касары”, дзяліцеся кліпам, падпісвайцеся на Youtube канал і прыходзьце на канцэрты, каб разам адчуць моц беларускай песні!

YouTube player