На мінулым тыдні ў Беластоку завяршылася адна з галоўных падзей у свеце музейнай супольнасці — канферэнцыя EMYA2025, у межах якой уручаецца прэстыжная ўзнагарода Еўрапейскі музей года. Галоўную прэмію атрымаў Manchester Museum з Вялікабрытаніі, які пасля маштабнай мадэрнізацыі не толькі стаў больш даступным, але і выразна акрэсліў сваю ролю як сацыяльна адказнай установы.

У ліку 42 намінантаў былі і пяць музеяў з Польшчы, але сёлета без узнагарод. А вось музеяў з Беларусі ў спісе не было — што, з улікам сучаснай сітуацыі, не дзіўна. Але беларусы на EMYA2025 былі: група музейных супрацоўнікаў і даследчыкаў з Беларусі прыняла ўдзел у канферэнцыі, абменьвалася досведам, устанаўлівала новыя кантакты і — што не менш важна — заяўляла пра існаванне беларускай музейнай супольнасці ў выгнанні.
Што гэта за супольнасць, з якімі выклікамі яна сутыкаецца, і ці можа ў будучыні беларускі музей — хай сабе і не ўнутры Беларусі — патрапіць у спіс прэтэндэнтаў на еўрапейскую музейную ўзнагароду? Пра гэта мы размаўляем з Госцем Рацыі – прадстаўніком ініцыятывы «Беларуская музейная лабараторыя», даследчыкам і музейным менеджарам Аляксеем Бацюковым:

– Еўрапейскі музейны форум – гэта галоўная падзея ў музейным жыцці ў Еўрапейскім саюзе і ў прынцыпе ў музейным свеце. Абвяшчаецца пераможца звання «Музей года». У 2024 годзе лепшым музеем з’яўляўся Беластоцкі музей.
На гэты форум прыехала некалькі беларусаў, некалькі прадстаўнікоў музейнай дзейнасці з Беларусі. Гэта экс-старшыня беларускага ІКОМ Ала Сташкевіч, а таксама прыехаў даследчык, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Я таксама тут прадстаўляю музейную супольнасць. Сам я былы дырэктар Музея гісторыі Магілёва, а зараз я актывіст і ўдзельнічаю ў такой ініцыятыве як Беларуская музейная лабараторыя, якая ставіць на мэце сабраць разам усіх музейшчыкаў, якія знаходзяцца ў эміграцыі, даць ім магчымасць вярнуцца ў прафесію, захавацца ў прафесіі.
Нашы мэты шматузроўневыя – гэта работа з тымі музейнымі ініцыятывамі, якія зараз функцыянуюць у эміграцыі, у замежжы. Пяць такіх ініцыятываў можна выдзеліць. А таксама работа з самімі беларусамі, якія знаходзяцца ў эміграцыі, паколькі ў іх ёсць свае культурныя патрэбы, у іх ёсць неабходнасць далучыцца да артэфактаў сваёй асабістай беларускай культуры. Гэта таксама праца па захаванні тых фрагментаў беларускай культуры, каторыя табуіраваныя ў Беларусі. І гэта ўжо тэма для беларусаў у Беларусі – захаванне такой памяці, захаванне спадчыны. У тым ліку і сучасных артэфактаў, артэфактаў, напрыклад, пратэстаў, напрыклад, артэфактаў, якія адлюстроўваюць удзел беларусаў у барацьбе ўкраінскага народу за свабоду. Гэта вельмі важны сегмент.
У нейкім сэнсе квінтэсэнцыяй музейнай справы беларусаў у эміграцыі зараз можна назваць такую ініцыятыву як Дом Вольнай Беларусі ў Львове. Трэба ўлічваць, што ва ўкраінскім грамадстве ў нейкі момант адбылася такая ўспышка агрэсіі супраць беларусаў як саўдзельнікаў вайны. Расказвалі пра гісторыі, калі беларусаў маглі высадзіць з эвакуацыйнага цягніка, калі людзі баяліся, што іх могуць расстраляць проста за тое, што яны прадстаўляюць беларускі народ. А людзі на эмоцыях і ў паніцы маглі не разабрацца, што гэтыя беларусы самі пацярпелі ад рэжыму таксама, як пацярпелі ўкраінцы. Украінцам тады было зусім не да гэтага. Я не кажу, што кагосьці забілі за гэта, але былі моманты, што ўкраінцы не разумелі, хто такія беларусы.
І вось менавіта музейная ініцыятыва, якая там існуе, паказвае ўкраінцам, хто такія беларусы для іх, хто такія тыя беларусы, якія зараз знаходзяцца на тэрыторыі Украіны. На гэтую музейную экспазіцыю прыводзяць чыноўнікаў, прадстаўнікоў грамадскасці, каб украінцы зразумелі, якую ролю адыгрываюць беларусы ў гэтым супрацьстаянні. Такім чынам мы, прадстаўнікі музейнай супольнасці, імкнемся неяк аб’яднаць у агульную карціну тыя актуальныя культурныя працэсы, якія адбываюцца ў тым ліку ў замежжы. І маем надзею, што зможам маніторыць сітуацыю музейнай супольнасці ўнутры Беларусі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
З “Госцем Рацыі”, экс-дырэктарам Музея гісторыі Магілёва, прадстаўніком ініцыятывы «Беларуская музейная лабараторыя», даследчыкам і музейным менеджарам Аляксеем Бацюковым, размаўляла Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота БРР і UwB






