BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларуская “Прастора” працягвае сваю дзейнасць у Варшаве

На пляцоўцы “Прастора” адбываюцца сустрэчы з культурнымі дзеячамі, выставы, арт-маркеты ды іншыя мерапрыемствы. Якія з іх найбольш цікавыя беларускаму гледачу? Ці можна правесці тут сваю падзею? Што ў планах пляцоўкі? Пра гэта і не толькі Госця Рацыі – прадстаўніца “Прасторы”, арганізатарка падзей Ганна Прышывалка – распавяла нашаму радыё.

РР: Што зараз адбываецца ў прастры? Якія актыўнасці назіраюцца?

Ганна Прышывалка: Ёсць у нашай каманды жаданне штосьці цікавае рабіць, праяўляць ініцыятыву, каб да нас прыходзілі людзі, каб нешта тут адбывалася, каб было жыццё цікавае ў межах нашай “Прасторы”. Працягваецца зараз яшчэ выстава Дар’і Калечыц, яна працягнецца да канца лютага. Таму запрашаем паспець, бо сапраўды шыкоўная выстава. Трэба пабачыць. Акрамя гэтага стараемся рабіць творчыя вечары – музычныя і не толькі. Запрашаем выканаўцаў беларускіх на такія кватэрнікі. Памеры нашай “Прасторы” дазваляюць такія кватэрнікі, канцэрцікі з утульнай, камернай, амаль дамашняй атмасферай. І вельмі многім гэта падабаецца. У нас прайшло мерапрыемства з кінапраглядам. Вельмі паспяхова. Вельмі шмат прыйшло да нас людзей паглядзець кіно, паразмаўляць з Алегам Гарбузам. Таму мы плануем штосьці такое працягваць, такія сумесныя беларускія кінапрагляды, можа замежнага кіно, але  ў беларускай агучцы. Бачым, што водгук ёсць, цікавасць да такіх імпрэз таксама. Плануем маркет, плануем канцэрцікі і імкнемся, каб жыццё на “Прасторы” было актыўным.

РР: Хутка ў вас адбудзецца арт-маркет. Калі і што з такога выбітнага адбудзецца?

Ганна Прышывалка: Гэта будзе ўжо другі такі фармат, які мы практыкуем на “Прасторы”. Бачым, што ёсць водгук і з боку ўдзельнікаў, бо ёсць жаданне беларускіх дызайнераў, брэндаў, рамеснікаў, майстроў выстаўляцца, паказваць, што яны робяць, і рэалізоўваць. І таксама прыходзяць людзі. Вось у нас было летам у межах фестывалю “Апранай сваё”, быў Калядны маркет,. І зараз 23 лютага, але мы ўжо рыхтуемся да 8 Сакавіка. Гэта будзе цудоўны нядзельны маркет, каб зайсці і напярэдадні вясны пашукаць падарунак сабе, маці, сястры, сяброўцы. А можа і сабе. Бо будзе і адзенне добрае, і брэнд “Цуда”, і Кучарэнка і Чыжык, і будзе Вікторыя Осіпава. Будуць аксесуары прыгожыя, элементы дызайну для дома. Ніколі не было, каб я пасля такіх мерапрыемстваў дадому не прынесла цэлую торбу гасцінцаў. Бо проста немагчыма ўтрымацца!

Сачыць за дзейнасцю пляцоўкі можна ў яе інстаграм-акаўнце: https://www.instagram.com/prastora_bel/.

Цалкам гутарка:

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя