BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларуская супольнасць спрабуе ўратаваць магілу ксяндза Пятра Татарыновіча ў Рыме

Магіла заснавальніка Беларускай службы Ватыканскага радыё, ксяндза Пятра Татарыновіча, якога называлі апосталам рэлігійнага адраджэння Беларусі, знаходзіцца пад пагрозай знішчэння. Пра гэта паведамляе інтэрнэт-выданне katolik.life.

Ксяндза Пятра пахавалі ў Рыме ў 1978 годзе. Як узгадвае былы супрацоўнік Ватыканскага радыё Ян Мойсік, спачатку труна з целам ксяндза Пятра знаходзілася на асноўных могілках. Там жа стаяў і помнік. Паводле еўрапейскіх традыцый, месцы на могілках трэба аплочваць на пэўны тэрмін. Магілу ксяндза Пятра аплаціла на 30 гадоў Ватыканскае радыё. Калі гэты тэрмін скончыўся, труну дасталі з блоку і перапахавалі ў іншае месца – на ўчастку, які прызначаны для часовых пахаванняў. Быў адведзены 10-гадовы тэрмін для таго, каб знайшліся родныя альбо іншыя ўпаўнаважаныя асобы, якія маглі б забраць труну.

Гэты тэрмін мінуў у 2021 годзе. З таго часу, паводле мясцовага заканадаўства, адміністрацыя могілак мае права дэмантаваць помнік і дастаць труну, каб вызваліць месца пад новае пахаванне. А парэшткі – крэміраваць і змясціць у агульным дэпазітарыі, дзе адшукаць іх потым будзе складана. Гэта можа здарыцца ў любы момант. У справу ўключылася супольнасць беларусаў у Рыме разам са сваім душпастырам.

Аднак беларуская супольнасць не можа атрымаць труну – перадаць яе маюць права толькі блізкім сваякам, якіх у ксяндза Пятра не засталося, ці дыяцэзіі, да якой ён адносіўся. Гэта – Пінская дыяцэзія. Пытанне, ці можа яна выдаць патрэбныя дакументы беларускай супольнасці ў Рыме, пакуль вырашаецца.

Дарэчы, святар Пётр Татарыновіч вядомы таксама шматлікімі перакладамі на беларускую мову скарбаў сусветнай літаратуры, выдавецкай дзейнасцю.

Беларускае Радыё Рацыя