16 чэрвеня спаўняецца 190 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, перакладчыка, этнографа, гісторыка, краязнаўца Аляксандра Ельскага (1834-1916). Паходзіць Аляксандр Ельскі з памешчыцкай сям’і вёскі Дудзічы Ігуменскага павета Менскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Менскай вобласці). Пасля заканчэння ў 1852 годзе Менскай класічнай гімназіі да 1856 года ён быў на ваеннай службе, удзельнічаў у Крымскай вайне. Выйшаў у адстаўку ў чыне паручніка і пасяліўся ў вёсцы Замосце (цяпер Пухавіцкі раён), дзе пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну фальварак. Быў жанаты, у сям’і выхоўваліся сын і дачка.

Аляксандр Ельскі актыўна займаўся грамадскімі справамі. З 1861 года ён працаваў міравым суддзёй у адной з акруг Ігуменскага павета, у 1882–1887 гадах – членам апякунскага савета рэальнага вучылішча ў Менску, а з 1901 года – ганаровым апекуном павятовага Таварыства ўзаемастрахоўкі ад пажару. А яшчэ Аляксандр Ельскі – нястомны збіральнік айчынных помнікаў пісьменства і гісторыі. З цягам часу ён стварыў музей, у якім захоўвалася больш за шэсць дзясяткаў арыгінальных карцін і некалькі тысяч гравюр, малюнкаў і эскізаў беларускіх і заходнееўрапейскіх мастакоў, шмат археалагічных і этнаграфічных экспанатаў, калекцыі слуцкіх паясоў, гадзіннікаў, старадаўняй мэблі. Больш за дзесяць тысяч кніг на розных мовах налічвала бібліятэка Аляксандра Ельскага. Вельмі шкада, што такі каштоўны збор загінуў у агні Першай сусветнай вайны, толькі невялікую яго частку збіральнік паспеў перадаць музею і Ягелонскаму ўніверсітэту ў Кракаве, а таксама Таварыству сяброў навук у Вільні, сёе-тое трапіла ў Менск і ў Варшаву.

У 1860 годзе ў газеце «Віленскі веснік» упершыню апублікаваны літаратурна-публіцыстычныя творы Аляксандра Ельскага. Яго кола інтарэсаў – эканамічныя і грамадска-палітычныя пытанні, літаратура і мастацтва, гісторыя, этнаграфія. Публікацыі часта падпісаны псеўданімамі Бацян з-над Пцічы, Літвін-грамадзянін, Свядомы. Акрамя матэрыялаў для перыядычных выданняў ён напісаў прыкладна дзесяць тысяч гісторыка-краязнаўчых артыкулаў для польскіх энцыклапедычных выданняў – «Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін» і «Вялікая ўсеагульная ілюстраваная энцыклапедыя».

Аляксандр Ельскі з’яшляецца аўтарам нарысаў-даследаванняў «Піва і піваварства ў нашым мінулым» (1883), «Заўвагі пра сялянскае пытанне ў нас і ў іншых краінах» (1884), «Згубны культ іншаземшчыны ў нас у святле айчыннай літаратуры» (1901), «Нарыс гісторыі Менскай каталіцкай епархіі» (1907), «Пакаранне ў хрысціянскай сям’і» (1908) і іншых твораў, якія былі выдадзены ў Менску, Санкт-Пецярбургу, Варшаве, Кракаве.
Сярод найбольш значных твораў Аляксандра Ельскага – напісаны ў 1883 годзе краязнаўчы нарыс «Пра бібліятэку святой памяці Юльяна Бергеля, пастара ў Слуцку». У ім аўтар расказаў пра паездку разам з дачкой Алесяй і яе сяброўкай з маёнтка Замосце ў Слуцк, пра выгляд горада і яго гісторыю.
Найбольшай славутасцю Слуцка Аляксандр Ельскі лічыў бібліятэку Юльяна Бергеля.

Акрамя названага вышэй нарыса ў дачыненні да нашага краю Аляксандр Ельскі выдаў «Гістарычныя звесткі пра Радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку» (1893), «Гістарычныя звесткі пра фабрыку шкла і аздобных люстэрак ва Урэччы Радзівілаўскім на Літве» (1899), у 1889 годзе напісаў краязнаўчы нарыс «Слуцк».
Беларускае Радыё Рацыя