Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва – такая арганізацыі існуе ўжо больш за 70 гадоў у ЗША.
Яна была заснаваная беларусамі – прадстаўнікамі пасляваеннай хвалі эміграцыі ў снежні 1951 года, – падрабязней распавяла наша сённяшняя Госця Рацыі гісторык, архівіст, кандыдат гістарычных навук, галоўны рэдактар альманаху «Запісы БІНіМ», сябра ўправы Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва Наталля Гардзіенка:
РР: Ці маглі бы мы з Вамі прагадаць прадгісторыю Вашай арганізацыі?
– Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва быў заснаваны прадстаўнікамі беларускай паваеннай эміграцыі ў 1951 годзе ў Нью-Ёрку як установа, якая мела на мэце аб’ядноўваць беларускіх інтэлектуалаў, якія апынуліся на эміграцыі, даваць ім магчымасць рознымі шляхамі працягваць сваю творчасць, навуковую дзейнасць, ствараць магчымасці для публікацый, арганізоўваць мастацкія выставы, праводзіць лекцыі, і г.д. Усё тое, што магло спрыяць працягу гэтай самай інтэлектуальнай працы беларускіх эмігрантаў. На працягу сваёй гісторыі Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва меў некалькі кіраўнікоў. Першы быў Уладыка Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Васіль Дамашчык, потым быў пісьменнік Янка Ліманоўскі. Доўгачасовым кіраўніком быў скарыназнаўца і даследчык Вітаўт Тумаш. І да апошняга год, цягам амаль 40 гадоў кіраваў Інстытутам даследчык эміграцыі, доктар Вітаўт Кіпель.
РР: Ці праз гэты час адбылася нейкая трансфармацыя, ці стаяць усё тыя ж мэты?
– Безумоўна змяніліся і людзі, якія ў гэтай арганізацыі працавалі і якіх яна аб’ядноўвала. На пачатку 90ых гадоў было вельмі шмат супрацы з Беларуссю, з беларускімі даследчыкамі, і нават выдавецкая дзейнасць ажыццяўлялася як сумесныя амерыканска-беларускія выданні. Найбольш характэрныя гэта выданне Альманаху запісы Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва, якія выходзяць з 1952 году. У апошнія гады сітуацыя зноў памянялася. Магчымасці ўзаемадзеяння з беларусамі ў Беларусі значна звузіліся, таму Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва зноў больш пачынае арыентавацца на супрацу з тымі беларусамі, якія апынуліся цяпер на эміграцыі.
Цалкам слухайце ў далучаным файле:
Штаб-кватэра Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва знаходзіцца ў Нью Йорку, але сваю дзейнасць пашыраюць на ўсю тэрыторыю ЗША ды актыўна наладжваюць супрацу ў беларускімі дыяспарамі ў іншых краінах свету.
Беларускае Радыё Рацыя