Восень традыцыйна ў беларускай літаратуры – час на ўручэнне літаратурных прэміяў. Беларускі ПЭН абвясціў поўныя спісы прэміі імя Карласа Шэрмана за 2023 і 2024 гады. Гэтая прэмія ўручаецца перакладчыкам. Абвешчаны таксама поўны спіс намінантаў прэміі для ілюстратараў кніг імя Міхала Анемпадыстава.


Кажа кіраўніца Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай:
– У нас плануецца на восень Гедройц. Мусім таксама ўручыць прэміі Шэрмана і Анемпадыстава. Мы, знаходзячыся ў Польшчы, маем рэгістрацыю ў Польшчы, але мы пры гэтым заўсёды кажам, што мы не ў выгнанні. Мы па-ранейшаму працуем з аўтарамі і аўтаркамі ўнутры Беларусі, з чытачамі і чытачкамі ўнутры Беларусі. І таксама з іншымі аўтарамі і аўтаркамі, якія сёння волей лёсу, з меркавання бяспекі, апынуліся ў розных краінах свету.

Таксама абвешчана і дата ўручэння прэміі імя Ежы Гедройця, – цырымонія ўганаравання адбудзецца 15 лістапада ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску. Акрамя самой урачыстай цырымоніі, адбудуцца сустрэчы, дыскусіі ды іншыя падзеі, якія дазволяць паглыбіцца ў свет беларускай літаратуры.
Беларускае Радыё Рацыя






