BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускія музыкі заклікаюць падтрымаць Sw@da x Niczos

«Еўрабачанне-2025». У Бельску-Падляшскім з’явіліся ўлёткі з заклікам падтрымаць сваіх. Як вядома, у фінале нацыянальнага адбору Польшчы на еўрапейскі песенны конкурс прыме ўдзел падляшскі дуэт Sw@da x Niczos.

Галасаваць за іх заклікаюць і прадстаўнікі беларускай дыяспары. У прыватнасці, музыка, папулярызатар традыцыйнае культуры Сяргей Доўгушаў.

– Гэта не проста нейкая бяздумная музыка ці якая простая папса, якая гучыць паўсюль, як там калісьці загучаў дыска-пола. Тут сапраўды штосьці цікавае, тое, што адгукаецца, тое, што бліжэй да нашага, трэба падтрымліваць.

Кіраўнік Беластоцкага музычнага клубу Антон Сіроцін разлічвае прыняць у сябе Sw@da x Niczos вясной.

– Галасуйце за Sw@da x Niczos. Калі можаце гэта рабіць, рабіце гэта. Мы іх вельмі чакаем, бо маем дамоўленасць з імі. Спадзяюся, гэта адбудзецца гэтай вясной. Мы будзем вельмі радыя зрабіць з імі канцэрт на нашай пляцоўцы.

Тым часам жыхары Бельску-Падляшскага збіраюцца глядзець фінал  нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне» разам. Супольны прагляд у Крэатыўным цэнтры культуры і ў Гарадскім асяродку культуры будзе сумешчаны з варштатамі традыцыйнага спеву і вышывання. Трансляцыю будзе весці тэлеканал TVP2. Пераможцу абяруць глядацкім SMS-галасаваннем.

Sw@da x Niczos з песняй «Люстэрка» выйдуць на сцэну шостымі. Адпаведна прыхільнікам трэба будзе выслаць «шасцёрку» на нумар 7430. З аднаго тэлефона прымаюцца максімум 20 SMS-ак. Пачатак у пятніцу а 20:45.

Беларускае Радыё Рацыя