У панядзелак у Беластоку — занятак «Мова Нанова».

Вы ведалі, што ў беларускай і англійскай мовах ёсць словы — амаль блізняты? А што англіцызмы ў беларускай мове з’явіліся даўно, і некаторыя з іх ужо сталі часткай нашай штодзённасці? Разам з госцяй, філалагіняй, кіраўніцай хаба «Новая Зямля» Надзеяй Салаўёвай разбярэм цікавыя кагнаты (што б гэта ні значыла) і іх гісторыю, даведаемся, як англійская ўплывае на беларускую (і наадварот) і развянчаем міфы пра «засмечванне» мовы. Файны шанц паглядзець на беларускую мову з нечаканага боку.
У панядзелак праект «Culture Makes» ладзіць анлайн-лекцыю «Парадыгмальны зрух у культуры і штучным інтэлекце». Лектары разгледзяць, як культура і мастацтва змяняюцца пад уздзеяннем тэхналогій і як адбываецца іх вытворчасць, распаўсюд і спажыванне. Асаблівая ўвага будзе нададзеная штучнаму інтэлекту як фактару новага глабальнага зруху ў сферы культуры. Лектары: прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, эксперт у галіне арт-рынку Джэфры Тэйлар і мастак і візіянер, які працуе з тэхналогіямі штучнага інтэлекту, Глеб Дзіваў. Удзел вольны.
У Варшаве адкрылася выстава Юліі Стратовіч «Steel and Water». Гэта працяг праекта «Сталь і вада», але ў новай версіі — прысвечанай людзям. «З пачатку творчай кар’еры ў мяне была асаблівая сувязь з партовымі гарадамі. Усе мае найбольш важныя праекты ствараліся ў такіх месцах, як Гамбург, Барселона, Гданьск. Я люблю індустрыяльны стыль і лічу, што ў гэтых гарадах людзі больш адкрытыя і смелыя дзякуючы пастаяннай плыні жыцця, лёсаў і людзей. Я памятаю, як мне пашанцавала перасекчы канал на яхце ў 2023 годзе, я была ўражана памерамі парта. Я не магла паверыць, што ўсё гэта было створана людзьмі. Менавіта з Гданьска нарадзіўся рух „Салідарнасць“, і я бясконца натхняюся гэтымі людзьмі. Іх жаданне змагацца за свабоду такое актуальнае для нас. Таму героі маіх карцін — партовыя рабочыя — чыесьці хлопцы, мужы, бацькі, браты. Брутальныя, але чуллівыя; строгія і ў той жа час іранічныя; стомленыя, але мужныя», — кажа мастачка.
У аўторак і чацвер Зялёны партал ладзіць зялёныя анлайн-вебінары. Гэта сустрэчы з экспертамі, якія дапамогуць разабрацца ў экалагічных выкліках і рашэннях для будучыні. Пагаворым пра гарады, транспарт, біяразнастайнасць і энергетыку — на зразумелай мове і з адказамі на пытанні. Тэма аўторка – «Транспарт і яго экалагічнасць. Што зараз адбываецца ў Беларусі? Нашы адказы на вашыя пытанні». Спікер — эксперт па транспарце Павел Гарбуноў . Тэма чацвярга – «Уразлівасць энергетычнай сістэмы Беларусі да знешніх і ўнутраных шокаў». Спікер — спецыяліст у галіне энергетыкі Яўген Макарчук. Рэгістрацыя па спысылцы.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






