У панядзелак у сталіцы Польшчы кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта ладзіць навуковую канферэнцыю «Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, культурна-гістарычныя сувязі». Ганаровы госць адкрыцця — пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. Ягонай творчасці прысвечана асобная секцыя. У рамках канферэнцыі прапануюць матэрыялы ў іншых секцыях: беларуская глотадыдактыка, гаворкі ў краінах Еўразвяза і беларуская мова.
У панядзелак у Вільні ладзяць імпрэзу памяці паэткі Ларысы Геніюш. 42 гады таму ў гэты дзень спынілася яе сэрца. На імпрэзе будзе прысутнічаць вядомая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, узнагарожаныя нядаўна Медалём Няскораных імя Ларысы Геніюш, а таксама Сяргей Дубавец, які асабіста ведаў Ларысу Антонаўну. Усе ахвотныя змогуць прачытаць свае ўлюблёныя вершы паэткі.

У аўторак у Быдгашчы адбудзецца творчая сустрэча з фатографам Аляксандрам Катом-Зайцавым. Беларускі творца працуе над доўгатэрміновымі праектамі на стыку дакументальнай і мастацкай фатаграфіі. Першым яго мастацкім праектам была фатаграфічная кніга, а потым выставачны праект «DOM», раней прадстаўлены ў Варшаве, Уроцлаве і Брусэлі. Праект закранае пытанне метафарычнага і эмацыйнага значэння дому для чалавека з вопытам эміграцыі. Пасля падаўлення пратэстаў у Беларусі дзякуючы падтрымцы стыпендыі Gaude Polonia спадар Аляксандр пачаў працаваць над новым мастацкім праектам Borderline. Ён накіраваны на візуальную інтэрпрэтацыю душэўных і эмацыйных станаў людзей, што пацярпелі ад рэпрэсій у Беларусі. Падчас сустрэчы Аляксандр раскажа пра свае праекты, розныя падыходы да фатаграфіі і сумяшчэнне працы над мастацкімі праектамі з працай у камерцыйнай фатаграфіі.
У аўторак у Варшаве – творчая сустрэча з літаратарамі Альгердам Бахарэвічам і Юляй Цімафеевай. Гэта іх першы прыезд у Варшаву за апошнія паўтара года, і за гэты час з’явілася шмат нагод, каб сустрэцца. Пісьменнік падзеліцца думкамі пра свае апошнія кнігі «Капітан Лятучая Рыба» і «Папяровы голем», якія выйшлі летась. Юля Цімафеева праанансуе сваю будучую кнігу «Кровазварот», якая неўзабаве, літаральна ў красавіку ці траўні, выйдзе ў выдавецтве «Янушкевіч».
У Беластоку працягваецца выстава Таццяны Козік «Вандроўка. Лёс. Спатканне». Беларуская мастачка атрымлівала творчую адукацыю з 11 гадоў. Аўтарка дзесяці вялікіх персанальных выстаў у найбуйнейшых галерэях Беларусі і ў Варшаве. Працуе ў галіне прыкладнога мастацтва (габелен, батык), жывапісу, акварэлі.
Беларускае Радыё Рацыя






