BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларуска заняла шостае месца ў конкурсе „Асоба года“ ў Польшчы

Беларуска, майстрыца па вырабе этнічных лялек-мотанак Вольга Пашковіч увайшла ў дзясятку пераможцаў у конкурсе на намінацыю “Асоба года-2024” у Польшчы. Яна заняла шостае месца сярод 200 намінантаў, беларуска была там адзіная сярод палякаў. Намінавалі Вольгу ў катэгорыі “Культура” за самую вялікую калекцыю этнічных лялек і правядзенне майстар-класаў для мігрантаў і палякаў.

І хоць яна не стане асобай 2024 года ў Польшчы, бо палякі абяруць яе з трох першых лаўрэатаў, але Вольга Пашковіч – сённяшняя Госця Радыё Рацыя — лічыць высокае шостае месца сваёй асабістай перамогай і пра ўвесь працэс па намінацыі распавядае нашай карэспандэнтцы.

РР: Вольга, раскажыце, калі ласка, пра гэты конкурс. Я так разумею, гэта як конкурс «Чалавек года» ў Беларусі. Хто вас на яго намінаваў?

Не зусім, перамагла я, калі б заняла першае месца, а так толькі шостае па ўсёй Польшчы. Але калі ўлічыць, што гэта па ўсёй краіне і я была там адзінай беларускай, то можна сказаць, што і перамагла. Хто канкрэтна намінаваў, дакладна не ведаю, бо мне проста прыйшло паведамленне на e-mail, што я сярод удзельнікаў гэтага конкурсу. Там некалькі намінацый, і адна з іх — «Чалавек года ў культуры». Вось у гэтай катэгорыі мяне і вылучылі. Асабліва іншыя намінацыі я не праглядала, бо мяне цікавіла толькі культура. А там каля 200 чалавек з усёй Польшчы.

РР: Гэта выдатна! І хоць сапраўды не першае, а шостае месца, але гэта таксама вельмі высокі вынік. Што вы прадстаўлялі? Я ведаю, што вы займаецеся лялькамі, у вас вялікая калекцыя. І ўвогуле, ці сачылі вы за тым, што прадстаўлялі іншыя ўдзельнікі ў катэгорыі «Культура»?

З лялькамі я была адзіная. Намінавалі мяне менавіта за лялькі, і я нават даведалася пра гэта не на самім конкурсе, а ад палякаў. Яны сказалі, што ў мяне самая вялікая калекцыя лялек-мотанак у Еўропе. Гэта спрэчны факт, можа, яшчэ хтосьці не адкрыўся. Але калі я давала інтэрв’ю польскаму радыё, я называла колькасць лялек. Магчыма, на падставе гэтага інтэрв’ю вылічылі, што калекцыя сапраўды самая вялікая. Намінавалі мяне за колькасць лялек і за тое, што я праводжу майстар-класы як сярод беларусаў, так і сярод палякаў, украінцаў і іншых мігрантаў у Польшчы.

РР: Вольга, я хачу ўдакладніць: вы сапраўды нават не ведаеце, хто вас намінаваў? Толькі здагадваецеся, што гэта магло быць пасля інтэрв’ю для польскага радыё?

— Ну так, у самім апісанні было напісана пра колькасць лялек. А пра колькасць я распавядала польскаму радыё. Можа ў размовах з кімсьці з палякамі, я не ведаю.

РР: Зразумела. А хто вам даслаў ліст пра тое, што вы сталі намінанткай на конкурс?

Арганізатары конкурсу даслалі вестку, што я намінаваная ў катэгорыі «Чалавек года ў культуры».

РР: Калі гэта было? У якім месяцы?

Напэўна, у канцы студзеня ці на пачатку лютага.

РР: Пасля было галасаванне, яны абіралі. А калі ўжо агучылі пераможцаў? Ці памятаеце?

Так, два тыдні таму стала вядома, што я заняла шостае месца.

РР: І таксама вам прыйшоў ліст ад арганізатараў, дзе яны там напісалі пра гэта ці гэта была нейкая падзяка за ўдзел?

Не, конкурс яшчэ будзе працягвацца, бо будзе ісці змаганне паміж паветамі, паміж тымі, хто патрапіў у прызавы — першае, другое і трэцяе месца. Канчатковыя вынікі падвядуць у канцы траўня.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя