Беларускую літаратуру чакаюць чарговыя выпрабаванні, – лічыць Павел Бераговіч – мецэнат трох беларускіх літаратурных прэмій – імя Карласа Шэрмана, імя Цёткі і прэміі для пачаткоўцаў «Дэбют». Асноўны беларускі літаратурны працэс паслядоўна перамяшчаецца ў замежжа, дзе заснавана ўжо шэраг выдавецтваў, адбываюцца кніжныя фестывалі і нават існуюць кніжныя крамы. Але галоўнае – незалежныя літаратурныя прэміі пачалі абслугоўваць пераважна аўтараў, якія друкуюцца ў замежжы.

Кажа Павел Бераговіч:
– Зараз проста адбываецца вось гэтае перафарматаванне, перагрупаванне нейкае. І я з большым аптымізмам гляджу ў будучыню. Думаю, што ў бліжэйшы час гэты працэс узнавіцца. Ён будзе ісці па нейкіх іншых правілах. Можа быць, будуць нейкія іншыя заканамернасці ў выніку. Але ён будзе, і я буду падтрымліваць яго, як магу.
Прадпрымальнік з беларускімі каранямі Павел Бераговіч цяпер жыве ў Эстоніі. Больш 20-ці гадоў выступае фундатарам шэрагу культурных праектаў у Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя






