Міжурадавы камітэт UNESCO у пытаннях нематэрыяльнай культурнай спадчыны 4 снежня ўключыў беларускую выцінанку ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны афіцыйна названы: “Выцінанка – традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі”.
У 2021 годзе беларускае мастацтва выцінанкі атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці ў Беларусі. На той час у Беларусі мастацтвам выцінанкі валодалі каля ста майстроў, 11 з іх мелі званне народнага майстра. Пасля гэтага Міністэрства культуры Беларусі намінавала беларускую выцінанку ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.
Гэта ўжо шостая беларуская культурная традыцыя ў спісе UNESCO. Раней такі ж статус атрымалі: у 2009 годзе – калядны абрад “Калядныя цары” ў вёсцы Семежава; у 2018-м – “Урачыстасць у гонар шанавання Іконы Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)” у вёсцы Будслаў; у 2019-м – “Юр’еўскі карагод” у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці; у 2020-м – культура бортніцтва; у 2022-м – “Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні”.