BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Бернарда Нікітаровіч: Мы хочам зрабіць вялікае свята мастацтва ў Беластоку

Такой мастацкай выставы Беласток хіба што яшчэ не бачыў, прынамсі ў ХХІ стагоддзі. Больш 30 найлепшых мастакоў Беластока і Падляшша возмуць удзел у вялікім вернісажы, які адкрыецца 18 студзеня ў выставачнай зале Падляшскай оперы. Гэта будзе нават дзве супольныя выставы: адна – выніковая леташняга пленэру галерэі «Маршанд» і другая – жаночая выстава «Rzeczpospolita Babska».

Госць Рацыі, куратар жаночай выставы, мастачка Бернарда Нікітаровіч расказала пра падзею ў размове з Васілём Кроквам.

РР: Як увогуле нарадзілася ідэя стварыць вялікую жаночую выставу з удзелам мастачак Падляшша?

Бернарда Нікітаровіч: Ідэя нарадзілася падчас сустрэчаў у галерэях – у галерэі «Маршанд», у галерэі Следзінскіх. Чым глыбей уваходзіш у мастацкае асяроддзе, тым больш бачыш колькі мастачак малюе і стварае мастацтва на Падляшшы і перадусім у Беластоку. Тут у нас будзе выстава мастачак з Беластоку. Першае, што мне прыйшло ў галаву, як шмат рэчаў мастачкі робяць акрамя малявання – робяць вернісажы, робяць выставы, спяваюць, ладзяць курсы малявання для дзяцей і дарослых. І я вырашала, што для гэтым мастачак трэба зрабіць вялікую агульную выставу, каб грамадскасць Беластоку магла пабачыць творы мастачак і ацаніць іх працу. Сама ідэя нарадзілася ў 2023 годзе. І выкрышталізоўвалася некалькі год. Спачатку было 9 мастачак, і за два гады колькасць іх вырасла да 17. Думаю, іх ёсць яшчэ больш, варта іх далучаць. Таму для нас вялікая прастора дзейнасці і ў Беластоку, і ў цэлым на Падляшшы.

РР: А ёсць нейкая канцэпцыя ў выставы? Ці замаўлялі вы нейкія агульныя тэмы для карцін?

Бернарда Нікітаровіч: Канцэпцыя такая – мы жывём і працуем у Беластоку і на Падляшшы. І я паведаміла мастачкам такі кірунак для працы: каб выстава была больш-менш цэльнай, патрэбна прысутнасць падляшскіх элементаў у іх карцінах. І на выставе мы можам заўважыць і архітэктуру, і пейзажы, і акрамя жывапісу тут будзе і ткацтва, і ўборы, і іншае.

РР: Напачатку была ідэя зрабіць толькі жаночую выставу, але затым адбылося развіццё гэтай ідэі, і цяпер далучаюцца яшчэ карціны з апошняга пленэру галерэі «Маршанд» у Белавежы. Чаму аб’ядналіся дзве выставы?

Бернарда Нікітаровіч: Вырашылі мы зрабіць свята мастацтва ў Беластоку і аб’яднаць гэтыя дзве выставы, каб атрымалася вялікае, элітарнае свята мастакоў. Ідэя аб’яднання гэтых выставаў – чым больш нас, тым лепей.

РР: Я бачыў рэкламныя ролікі выставы і ў іх здымаліся нават кіраўнікі Падляшскага ваяводства. То бок гэта будзе адбывацца на высокім узроўні?

Бернарда Нікітаровіч: Нашыя родныя і сябры добра ведаюць, як мы малюем. Думаю, што ў руках прадстаўнікоў нашых улад, арганізатараў прамоцыі Падляшша, нашая будучыня як мастакоў. І вельмі хацела б, каб як найбольш людзей, ад якіх залежыць нашае мастацкае жыццё, пабачыла карціны і пазнаёмілася з мастачкамі і мастакамі. І пабачыла, як і ў які спосаб мы малюем, што сабой уяўляем. Я заўсёды кіруюся такім поглядам, што мастацтва патрэбная перадусім для душы. І сёння такі час, што павінны мы чэрпаць з мастацтва радасць, і мастацтва павінна прыходзіць у жытло людзей і на розныя публічныя пляцоўкі, каб мастацтва было бліжэй да людзей.

Цалкам размова:

На адкрыццё выставы ў Падляшскую оперу можна будзе патрапіць толькі па запрашэннях, якія разышліся за некалькі дзён. Але арганізатары выставы запланавалі яшчэ адзін дзень спаткання з мастакамі – 25 студзеня. Бясплатныя запрашэнні для ўдзелу ў гэтых спатканнях можна атрымаць у касе Падляшскай оперы.

Выстава будзе працаваць да 2 сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя