BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Blooming for nothing (Квітненне ні для чаго) – выстава карцін мастачкі Леры Лазук пад такой назвай адкрылася 28 лютага ў віленскай прасторы CreateCulture Space.

На выставе прадстаўлены творы, створаныя за апошнія пяць гадоў у розных тэхніках. На многія з гэтых твораў паўплывалі драматычныя падзеі ў Беларусі і ў свеце.

Пра канцэпцыю выставы распавядае мастачка Лера Лазук:

–  Сэнс такі, што мы, нягледзячы на тое, што адбываюцца такія жахлівыя рэчы навокал, не тое, што да іх прыстасаваліся, проста заўважаем, што яшчэ жывыя. І нейкія жыццёвыя рэчы таксама адбываюцца – мы сябруем, кахаем, малюем і г.д. І ўсе гэтыя праявы жыцця, і думаеш, як кветка, якая проста расце, дождж ідзе, снег, вецер, а яна квітнее і робіць сваю справу – проста жыве і квітнее. Мы таксама мусім жыць і атрымліваць задавальненне ад таго, ад чаго яшчэ можна атрымаць задавальненне.

Сярод наведвальнікаў выставы былі таксама творчыя людзі, мастакі, якія выказалі свае пачуцці і ўражанні ад убачанага.

Кажа мастачка Дар’я Роскач:

–  Гэтая выстава комплексная. І вось тое, што Лера прадумала не толькі карціны, але і музычнае суправаджэнне, і святло, вельмі надае атмасферы. І калі грала адна з кампазіцый “Чорнае”, я спачатку слухала і глядзела на Леру, а пасля зразумела, што трэба глядзець на карціны. Уключаецца гэты магічны эфект, і карціны рэальна ажываюць.

Керамістка Наталля Карнеева:

– У Леры такое асаблівае бачанне таго, што нас акружае. І вельмі цікавыя працы, мне спадабалася серыя з малпачкамі. Сама падача вельмі цікавая і прыемная, адразу бачна, што чалавек уклаў у свае творы шмат усяго знутры, яны для мяне такія поўныя сэнсу.

Падчас імпрэзы прагучалі тры песні ў выкананні мастачкі Леры Лазук, якія раскрылі канцэпцыю выставы і стварылі спрыяльную атмасферу для разумення твораў мастацтва. Адна з карцін на выставе значна выдзялялася і была прысвечаная цяжкахворай сяброўцы-мастачцы Ніне Маргаевай.

Выставу можна будзе наведаць у Вільні ў прасторы CreateCulture Space да канца сакавіка.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя