BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Альгерд Абуховіч-Бандынэлі: “Буду вольным ваўкалакам…”

Хоць галодзен – я свабодзен,

Гдзе мне цягне – там бягу.

На свабодзе прападу,

А ў няволю – не пайду.

Буду вольным ваўкалакам,

Ты ж – на прывязі сабакам!

Гэтыя радкі напісаў Альгерд Абуховіч-Бандынэлі (1840-1898) – адна з самых каларытных і загадкавых постацяў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. 6 ліпеня спаўняецца 185 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся Альгерд Абуховіч у маёнтку Калацічы Бабруйскага павета (цяпер Глускі раён) у памешчыцкай сям’і Рышарда і Караліны Абуховічаў, якія былі звязаны сваяцтвам з італьянскім арыстакратычным родам Бандынэлі. Адсюль – і псеўданім, якім пісьменнік падпісваў свае творы: Граф Бандынэлі.

З дванаццаці гадоў Альгерд вучыўся ў Слуцкай гімназіі, але яе не закончыў, бо бацькі адправілі яго працягваць вучобу ў Жэневу, а потым – у Парыж. За час замежнага жыцця юнак авалодаў англійскай, французскай, нямецкай, іспанскай, італьянскай мовамі. З-за мяжы Альгерд Абуховіч вярнуўся на Бацькаўшчыну ў сувязі з паўстаннем пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага (1863–1864 гады). Верагодней за ўсё, што ён прымаў удзел у паўстанцкім руху, і быў сасланы ў Сібір.

З канца 1883 года – пачатку 1884 года пісьменнік жыў у Слуцку. Сюды ён пераехаў пасля таго, як сваякі прыгразілі аб’явіць яго вар’ятам за тое, што ён збіраўся аддаць свае маёнткі сялянам. У Слуцку пісьменнік кватараваў у доме на вуліцы Іванаўскай, займаўся літаратурнай працай, сродкі на пражыццё зарабляў хатнім настаўнікам, рэпетытарам па замежных мовах у сем’ях багатых гараджан. Альгерд Абуховіч памёр у 1898 годзе (пахаваны на гарадскіх могілках на вуліцы 14-ці партызан). Адной з вуліц Слуцка ў мікрараёне Навадворцы прысвоена яго імя.

Максім Гарэцкі сцвярджаў аб тым, што Альгерд Абуховіч «пісаў па-беларуску многа». Няма падстаў не верыць і Максіму Багдановічу, які ў 1915 годзе ў артыкуле «Белорусское возрождение» пісаў: «Ольгерд Обухович, живший в Слуцке и оставивший, кроме массы оригинальных стихотворений, переводы из Мицкевича, Сырокомли, Лермонтова». А былі ж яшчэ пераклады твораў Гёте, Петраркі, Шылера, Байрана, Пушкіна, Крылова і іншых паэтаў.

Альгерд Абуховіч – з’яўляецца адным з пачынальнікаў жанру байкі ў беларускай літаратуры; пісаў у рэчышчы крытычнага рэалізму. Пры жыцці не меў магчымасці друкавацца, і да нас дайшла толькі невялікая частка яго літаратурнай спадчыны.

У1991 годзе ў Менску выйшлі з друку асобнай кніжачкай “Творы” Альгерда Абуховіча. Укладанне кнігі зрабіў краязнавец Рыгор Родчанка, ён жа – аўтар прадмовы і каментарыяў. Рыгор Родчанка асобнай кнігай выдаў таксама нарыс жыцця і творчасці Альгерда Абуховіча, якая так і называецца “Альгерд Абуховіч-Бандынэлі” (Менск, 1984). Выдаў пра свайго земляка кніжку ў серыі “100 выдатных дзеячаў” і Яўген Гучок.

Беларускае Радыё Рацыя