Госці Рацыі – лідар гурта “Kurwadziki”, кіраўнік беластоцкага музычнага клуба Антон Сіроцін і кіраўнічка беларускага хаба “Новая Зямля” Надзея Салаўёва.

РР: Пра перспектывы хаба. Беларускі хаб “Новая Зямля” працуе ў Беластоку ўжо два гады, і вось у канцы гэтага году мы даведваемся, што хаб не спыняе, на шчасце, сваё існаванне, але спыняе месца свайго размяшчэнне.
Надзея Салаўёва: Так, у наступным годзе мы працягваем працу, і я ўпэўненая ў тым, што будзем развівацца, будзем працаваць, як дагэтуль два гады, так яшчэ і лепей. А за два гады ў нас адбылося 1012 мерапрыемстваў і на наступным дадасца яшчэ, напэўна, 400+, паглядзім колькі.
РР: Напэўна, вы рэкардсмен сярод беларускіх пляцовак тут, у Беластоку?
Надзея Салаўёва: Не ведаю, напэўна, але проста ў нас фармат такі, то бок мы адкрытыя для ўсіх, хто хоча ладзіць розныя мерапрыемствы – і выставы, і канцэрты, і проста сустрэчы, і майстар-класы, і нейкія культурніцкія, розны фармат.
А фарматы, падыход і наша стратэгія застаецца такая – падтрымка беларускіх грамадскіх ініцыятыў, актывістаў і людзей, якія маюць свае кампетэнцыі, скілы і хочуць іх рэалізаваць. Падтрымка беларускай ідэнтычнасці, захаванне яе, культуры, каб мы адчувалі заўсёды сябе беларусамі, нават калі і тры гады тут, у выгнанні, знаходзімся.
РР: Беластоцкі музычны клуб існуе ўжо больш за год. Вы нікуды не пераязджаеце, але вы значна пашырыліся і адкрылі новую, больш прасторную лакацыю.
Антон Сіроцін: Так. Атрымалася нейкая такая суполка, таму што здавалася новае памяшканне і ўваход у яго быў толькі праз паб, і таму мы падумалі, чаму не выкарыстаць такую магчымасць? І так, апошнія дні перад канцэртам NaviBand 31 жніўня мы дафарбоўвалі там нешта, дамалёўвалі, цвікі нейкія забівалі. Карацей, там усё гэта ішло яшчэ мо месяц
РР: Вы прынцыпова не выкарыстоўваеце ніякіх грантаў. Як вам гэта ўдаецца?
Антон Сіроцін: Не зусім, так, з аднаго боку гэта развязвае табе рукі, таму што ты не прывязаны ні да якіх справаздач, ні да чаго. Але ж ёсць, канешне, нюансы, асабіста, калі рэч ідзе, напрыклад, пра канцэрты не масавыя, калі, напрыклад, штосьці такое больш элітарнае, на што не пойдуць звычайныя людзі. Там можа прыйдзе 15 чалавек, а ганарары ў такіх музыкаў даволі істотныя. Таму атрымліваецца так, што без дафінансавання вельмі цяжка. І зараз мы шукаем дафінансаванне. Але гэта не значыць, што ўсё ідзе ў заняпад.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Юрася Дзяшука






