BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Быў рэдактарам “Сьветача Беларусі”

9 красавіка спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння беларускага праваслаўнага і грамадскага дзеяча, публіцыста, журналіста, былога рэдактара часопіса “Сьветач Беларусі” Усевалада Більдзюкевіча (1879 – пасля 1940).

Усевалад Більдзюкевіч нарадзіўся ў Менску. Паходзіў з сям’і праваслаўных беларусаў: бацькі – Віктар і Аляксандра (з дому Башынскіх) Більдзюкевічы. Да Першай сусветнай вайны Усевалад працаваў чыноўнікам на чыгунцы. З 1918 года ён уваходзіў у склад урада Беларускай Народнай Рэспублiкi.

Са студзеня 1919 года беларус пераехаў у Вільню. Разам з Тодарам Вернікоўскім і Аляксандрам Каўшом у студзені 1930 года на канферэнцыi прадстаўнiкоў беларускiх праваслаўных арганiзацый удзельнiчаў у стварэннi Беларускага праваслаўнага камітэта па беларусізацыі царквы. Рэдагаваў часопіс «Сьветач Беларусі» (1931). Прымаў удзел у заходнебеларускім нацыянальна-рэлігійным жыцці. Выступаў на старонках беларускіх свецкіх і рэлігійных перыядычных выданняў, публікуючы матэрыялы па праблемах праваслаўнай царквы ў Польшчы і беларусізацыі рэлігійнага жыцця («Сьветач Беларусі», «Bielaruskaja Krynica» і іншыя). Публікацыі падпісваў як уласным прозвішчам, так і псеўданімамі. Падтрымліваў сяброўскія адносіны з архімандрытам Філіпам і з Антонам Луцкевічам.

Усевалад Більдзюкевіч заўсёды з’яўляўся прыхільнікам ідэі аўтакефалii Беларускай праваслаўнай царквы.

Беларускае Радыё Рацыя