Калі вы з жахам назіраеце навіны пра шчыраванні паліткрукоў лукашызму ў Беларусі, і вам падаецца, што ўсё прапала, што дзеці вырастуць чарговымі зомбі, а Беларусь знікне, падумайце пра 1983 год у Савецкім Саюзе.

Акурат у гэтым годзе салдат тэрміновай службы Міхаіл Анемпадыстаў седзячы ў казарме піша тэкст пад назвай «Настаўнік Рагойша». З Міхаіла ў Міхала салдат ператворыцца крыху пазней. А пакуль наўкола беспрасветная цемра махровага саўка ў абсалютна таталітарных рэаліях.
Увесь мінулы тыдзень у беларускім культурным асяроддзі ўзгадвалі імя Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця 23 студзеня 2018 году.
Мяне вельмі ўразіла гісторыя свядомаснага сталення Міхала. Бацькі трапілі ў Беларусь выпадкова. Бацька геолаг мусіў працаваць дзесьці на Данбасе, але ў Беларусі заняліся здабычай калійнай солі, і геолаг спатрэбіўся ў Менску.
Хлопчык Міша, натуральна, сваякоў у беларускай вёсцы не меў, таму БССР успрымаў у ачышчанай савецкай версіі, без дамешкаў натуральнай беларушчыны.
Аднойчы, будучы падлеткам, Міша трапіў у Ракаў. Усяго 40 км ад Менску – і ты ў паралельным сусвеце. Асабліва, калі мы гаворым пра канец 1970-х. Паўсюль беларуская мова, касцёлы, былая ўніяцкая царква, расповеды не старых яшчэ людзей пра жыццё ў несавецкай рэальнасці да верасня 1939 году.
З той паездкі нарадзіўся «Настаўнік Рагойша». А з тэксту «Рагойшы» вырас цэлы «Народны Альбом» у сярэдзіне 1990-х.
Цяпер Міхала Анемпадыстава згадваюць як творцу новай Беларусі. Не савецкай, не антысавецкай, а напоўненай новымі сэнсамі. Дакладней, аднаго з творцаў, разам музыкантамі, паэтамі і мастакамі, якія паўплывалі на свой час і на наступныя генерацыі.
Міхал Анемпадыстаў – найперш мастак: кніжны графік і дызайнер. А яшчэ аўтар канцэпту колераў Беларусі. Нездарма пасля яго смерці энтузіясты заснавалі прэмію імя Міхала за лепшы дызайн кніжнай вокладкі.
Напрыканцы жыцця Міхал шчыльна супрацоўнічаў з «Падворкам» Уладзіміра Мацкевіча і ягонай каманды «думальнікаў Беларусі».
Асоба Міхала Анемпадыстава – яскравы прыклад таго, як жывое прарастае ва ўрадлівай глебе.
Як натуральная беларушчына квітнее, калі сустракае крэатыўнага чалавека з пазітыўным мысленнем.
Калі сёння я бачу чарговыя спробы хуценька знішчыць беларускія коды, я згадваю Міхала Анемпадыстава, і ведаю, што Беларусь жыве ў прынцыпе.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя






