BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Часопісу “Лучынка” – 110 гадоў

У студзені 1914 года ў Менску пачаў выдавацца літаратурна-мастацкі і навукова-папулярны часопіс “Лучынка” на 16 старонках. Ён меў краязнаўчы кірунак. Рэдактарам і выдаўцом быў Аляксандр Уласаў, а літаратурным рэдактарам – Цётка.

З “Лучынкай” супрацоўнічалі пісьменнікі і публіцысты газеты “Наша ніва” і беларускія студэнты. Часопіс прапагандаваў ідэю асветы на роднай мове, самаадукацыі, духоўнага і нацыянальна-патрыятычнага выхавання дзяцей і юнацтва.

У праграмных рэдакцыйных публікацыях (верш «Лучынка», артыкулы «Да вясковай моладзі беларускай», «Шануйце роднае слова!», «Аб душы маладзёжы», «Наша народная беларуская песня», напісаны Цёткай без пазначэння аўтара) услаўляліся культурныя традыцыі народа, яго таленавітыя дзеці, гуманістычны светапогляд, беларускі патрыятызм. Вобраз «Лучынкі» раскрываўся ў творах Цёткі як сімвал святла, што выпраменьвае кніжка і асвета на роднай мове.

У часопісе “Лучынка” свае творы таксама друкавалі Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Ядвігін Ш., Цішка Гартны, М.Арол, Янка Журба і іншыя літаратары. З друку выйшла 6 нумароў часопіса.

Беларускае Радыё Рацыя