У суботу, 12 кастрычніка, гэты юбілей адсвяткуюць у Бельскім доме культуры. Такому юбілею можна пазайздросціць. Гэта ўзрост, за якім стаіць велізарны вопыт і шмат дасягненняў.

Гэты хор з’яўляецца неад’емнай часткай шматлікіх фестываляў і народных імпрэз рэгіёна. На працягу 60 гадоў хор выконвае пераважна беларускія песні, а таксама падляшскі беларускі фальклор на мясцовай беларускай гаворцы, у рэпертуары таксама ўкраінскія і польскія песні.
Хор выступае на шматлікіх сцэнічных пляцоўках: у Бельску, вобласці, краіне і за яе межамі. На піку свайго развіцця ў хоры было 40 чалавек, сёння іх 19, аднак яны па-ранейшаму задаволены сваёй творчасцю і ўносяць у рэпертуар новае.

Хор быў створаны ў лістападзе 1964 года па ініцыятыве актывістаў Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГТК). Яго ініцыятарамі былі Уладзімір Раеўскі, Уладзімір Шурбак і Мікалай Серадыньскі. Мэтай калектыву было культываванне, выхаванне і прапаганда беларускіх традыцый і фальклору. І перш за ўсё дарыць радасць слухачам і выканаўцам.
У 1973 годзе хор атрымаў назву “Васілёчкі”. Назва гэтая паходзіць ад беларускай назвы кветак — васількі, а дакладней, ад песні пра іх. Гэтая песня стала своеасаблівым гімнам для хора.

За 60 гадоў існавання хор мяняў склад, музыкаў, дырыжораў і кіраўнікоў. Тут выступалі многія знакамітыя і вядомыя ў рэгіёне музыканты. “Васілёчкі” выходзілі на сцэну амаль паўтары тысячы разоў. Хор часта выступаў на сцэнах у Беластоку, а таксама ў Бельску, Гайнаўцы, Сямятычах, Белавежы і многіх бліжэйшых гарадах. Наведаў Варшаву, Быдгашч, Торунь, Плоцк, Познань, Сопат, Ожыш, Белую Падляску. Бываў і за мяжой, найчасцей у Беларусі. Выступаў з канцэртамі ў Гародні, Менску, Смаргоні, Віцебску.

У Менску яны прынялі ўдзел у тэлевізійнай праграме, якая падсумавала творчыя дасягненні калектыву (фрагмент якой будзе паказаны падчас юбілею). Без “Васілёчкаў” цяжка ўявіць ні свята, звязанае з беларускай культурай, ні нават Купалле ў Белавежы. Зараз кіруе “Васілёчкамі” Ніна Бялецкая, дырыжорам хору з’яўляецца Наталля Мартынюк.

Здымкі з архіву Бельскага Дома Культуры.