BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

CHORNABROVA прэзентуе ў Варшаве свой альбом «M.I.L.A.»

Беларуская артыстка новай хвалі, актрыса і музыка CHORNABROVA у суботу, 28 лютага, прэзентуе ў Варшаве свой альбом «M.I.L.A.». Гэта першы праект артысткі, у якім яна змешвае беларускую і польскую мовы, дадаючы элементы англійскай. Чаму творца пайшла на такі эксперымент? Ці можа рэліз стаць своеасаблівым падручнікам для тых, хто цяпер вывучае мовы? А таксама ці ёсць у планах дзяячкі звярнуцца да гаворак іншых народаў? Пра гэта і не толькі сённяшняя Госця Рацыі – Паліна Дабравольская – распавяла нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

Паліна Дабравольская
Паліна Дабравольская

РР:  Вы рыхтуецеся да прэзентацыі альбома, які будзе змяшчаць ажно некалькі  моў, Усё гэта цікава, але давайце пра сам івент, што ён будзе ўяўляць з сябе?

Паліна Дабравольская: Гэта будзе класічны канцэрт у клубе, дзе буду граць я са сваёй групай у складзе адной асобы, дзе мы будзем граць новы альбом і плюс некалькі старых трэкаў з папярэдніх альбомаў.

РР: У вас таксама яшчэ былі і нейкія танцавальныя элементы на папярэдніх канцэртах, што гэтым разам, ці будзе штосьці такое?

Паліна Дабравольская: Будзе штосьці крыху іншае, я прыдумала больш, скажам так, не назаву гэта тэатралізаваным элементам, але дадала больш крыху сцэнаграфіі, нейкіх цікавых момантаў, нейкіх іншых, іначай збудаваных мікрафонаў, нейкія экраны. Карацей, трэба абавязкова прыйсці, каб гэта ўсё пабачыць, таму што я вырашыла зрабіць, скажам так, як я ўмею з рэжысёрскага пункту гледжання крыху пашырыць разуменне канцэрта як канцэрта.

РР: Што датычна самаго рэлізу, то ён змяшае некалькі моў. Скажы, калі ласка, ці можаш ты для сябе абраць на сёння, на ўжо каторы год эміграцыі, якая з моў найбольш блізкая для цябе і камфортная ўсё ж?

Паліна Дабравольская: Гэта складанае пытанне, насамрэч думаю, што, як бачна па альбоме, то выбраць цяжка. Таму менавіта міксінг і вось гэта білінгавацыя ў ім прысутнічае вельмі моцна. У некаторы момант я проста адчапілася ад сябе і пачала пісаць тэксты так, як яны складаюцца ў мяне ў галаве, дзесьці па-польску, дзесьці па-беларуску, дзесьці таксама ёсць некаторыя фразы па-ангельску, канешне, як без іх. Па-першае, гэта пашырае мажлівасць рыфмы і рытму. Мне вельмі падабаецца, як спалучаюцца рыфмы польскія і беларускія, часам з ангельскімі. Мне падаецца, гэта проста пашырае маштаб трагедыі, скажам так.

Не магу сказаць, якая з моваў зараз больш пануе ў маім жыцці, таму што я думаю, што гэта ўсё ж такі 50х50. Але залежыць ад дня, у якія дні я з кім стасуюся. Зразумела, што ў мяне большасць чатаў, перапісак з сябрамі, сябровачкамі па-беларуску. А ў жыцці збольшага я размаўляю па-польску. То бок тады ў мяне мова аўдыё ідзе па-польску, а мова пісьменная па-беларуску. Часам яны змяняюцца, калі я з кімсьці сустракаюся ўжывую альбо запісваю галасавыя паведамленні. Таму нават працэнт вельмі цяжка будзе падлічыць.

Цалкам гутарка:

Прэзентацыя альбома «M.I.L.A.» пройдзе ў клубе Chmury.

Паліна Дабравольская — вакалістка, кампазітарка, актрыса і тэатральная рэжысёрка, якая працуе ў Варшаве з 2021 года. Яе працы былі адзначаныя ў Менску (Прэмія тэатральных крытыкаў за найлепшы спектакль, 2019), Албаніі (Гран-пры на фестывалі «Альбамона», 2025) і Румыніі (Прэмія за найлепшую жаночую ролю на фестывалі «Новая хваля», 2025). Яна таксама з’яўляецца выпускніцай польскай стыпендыяльнай праграмы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Gaude Polonia 2025.

Беларускае Радыё Рацыя