Ці быў у нашых продкаў пункт адліку, калі пачынаўся калядны перыяд? Як святкавалі раней дзень святога Мікалая? І ці было прынята дарыць падарункі? Чаму Каза не дайшла да Падляшша? І якія бясчынствы было прынята рабіць у Крывыя вечары? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае фалькларыстка Алена Ляшкевіч у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Распачаўся, можна сказаць, перыяд Калядаў. У сучаснасці мы больш арыентуемся на нейкі маркетынг, глядзім што вакол. А вось у народнай культуры ці была пачатковая кропка, калі можна сказаць пачаліся Каляды? Ці гэта па-рознаму ў кожнай мясцовасці?
Алена Ляшкевіч: Каляды пачынаюцца ўвечары напярэдадні Раства. Але чаканне Калядаў у католікаў афіцыйна распачынаецца за чатыры тыдні да Раства, то бок, пачынаецца Адвэнт. А ў праваслаўных Піліпаўскі пост пачынаецца 28 лістапада, але не сказаць, што ён мае такое ж значэнне, як у католікаў, што гэта менавіта чаканне Раства. Гэта пост, як і астатнія пасты ў годзе, толькі што ён адрозніваецца пэўнымі відамі жаночых прац – гэта прадзенне ў першую чаргу. Ёсць такая прымаўка, “што ў Піліпаўку спрадзеш, то да Вялікадня сатчэш”. І часта на гэтых попрадках маглі ўжо гучаць калядкі. Канешне, збіраецца ежа, таму што ў пост нельга есці ў тым ліку малочнае, гэта ўсё прыхоўваецца. Гэтай ежы хапае на калядны перыяд. Потым на ўвесь час ажно да Масленкі, калі трэба было шмат малочных прадуктаў. І, канешне, чысціцца прастора, вышкрабаецца хата, падлога, сцены, печ магла бяліцца да Калядаў.
РР: Калі тады пачыналіся Крывыя вечары, калі нельга было ні шыць, ні прасці, ні рабіць нейкія працы?
Алена Ляшкевіч: Крывыя вечары – гэта ўласна вечары Калядныя, вечар яшчэ напярэдадні Раства, калі святочнае застолле, першая куцця ў праваслаўных, з 24 снежня ў католікаў і з 6 студзеня ў праваслаўных да канца Калядаў. Бо ў католікаў Каляды сканчваліся Святам Трох Каралёў 6 студзеня, а ў праваслаўных Вадохрышчам 19 студзеня. Але ў некаторых мясцовых традыцыях лічылася, што Калядны перыяд да 21 студзеня, калі “цягнулі Каляду на дуб”, гэта Бярэзінскі раён, Клічаўскі. Кропкава ёсць звесткі па ўсёй Беларусі, што Калядны перыяд расцягваўся да 21 студзеня.
РР: Свята Міколы, калі святкавалі, як ён быў упісаны ў Калядны перыяд?
Алена Ляшкевіч: Міколу шанавалі па ўсёй Беларусі. Гэта вельмі-вельмі шанаваны святы. І кажуць некаторыя даследчыкі, што ён нават на месца Бога Айца мог заступаць, бо абразоў з Богам Айцом мала, а святы Мікола – распаўсюджаны абраз. Бо ён дапамагаў практычна ад усяго і ўсім – вандроўнікам, рыбакам і так далей. Але агульнабеларускага рытуалу па шанаванні святога Міколы нельга назваць.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






