У Беластоку 29 лістапада распачаўся чарговы Літаратурны семінар «Бязмежжа». У ім прымае таксама ўдзел беларускі літаратуразнавец, крытык, паэт і перакладчык, галоўны рэдактар праекту Bellit.info, прэс-сакратар Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў (МСБП) Ціхан Чарнякевіч.
“Бязмежжа” было спатканнем беларускіх літаратараў з двух бакоў мяжы. Усё змянілася разам з надыходам падзей 2020 года, калі многа пісьменнікаў было вымушана выехаць у эміграцыю, зліквідаваным быў Саюз беларускіх пісьменнікаў, а ў канцы мінулага года перастаў выходзіць найважнейшы літаратурны часопіс “Дзеяслоў”.
РР: Як, на Вашую думку, выглядае цяперашні стан беларускай літаратуры?
Ціхан Чарнякевіч: На маю думку, вельмі шмат у чым і літаратура, і стварэнне літаратуры, і стварэнне перакладаў на добрую долю пераехала за мяжу. Я, як рэдактар Bellit.info адсочваю і тое, што выходзіць у Беларусі, і тое, што выходзіць за мяжою. І, канешне, калі ты бачыш штодзённую карціну, то відавочны ўхіл у дыяспаральную праблематыку, ухіл у замежныя выданні. Я не ведаю, наколькі гэта можна цяпер назваць замежнасцю, таму што беларусы жывуць у шмат якіх краінах. Гэта такая агромная эміграцыя, што яна стварыла ўжо свае асяродкі, свае галерэі, музеі, выдавецтвы, кніжныя крамы, медыя. Карацей, можна сказаць, што гэта такая Беларусь, якая існуе па-за Беларуссю, і мысліць сябе як Беларусь, і дзейнічае, і стварае. І ў тым ліку і пісьменнікі. Відавочна, што ў Беларусі, у Менску, у іншых гарадах стала менш выходзіць кніг, але сёе-тое з’яўляецца і там. Тыя ж пераклады Лявона Баршчэўскага, якія выйшлі сёлета шыкоўныя, “Іліяда”, “Эпас пра Гільгамеша”, “Попаль-Вух” – эпічныя творы, якія даўным-даўно чакалі на беларускі пераклад, яны ўсё ж такі былі зроблены ў Менску. І гэта выдатна. Той жа Арыстоцель выходзіў. Такія класічныя тэксты, антычныя, якія можа крыху спакайней успрымаюцца ў Менску, чым актуальная літаратура, чым тэксты ў тым ліку і пра 2020 год, якія, канешне, немагчыма цяпер выдаць у Менску. Часткова працягвае існаваць акадэмічная супольнасць, кнігі пра фальклор, пра мастацтва, пра традыцыйны касцюм – яны вельмі цяпер папулярныя ў Менску. Дадрукі бываюць, новыя тыражы, людзі цікавяцца мінуўшчынай, фальклорам. То бок, я б назваў гэта акуратным ухілам у кансервацыю. А актуальная літаратура ўсё ж такі цяпер на большую частку ствараецца за мяжой. Нейкі такі падзел існуе. Выдаўцы з’ехалі таксама. Дай Бог гэтым людзям, у тым ліку і ў Менску, якія робяць добрую справу, і тым , хто робіць яе ў Варшаве, Вільні, Берліне і дзе яшчэ, і сіл, і веры ў тое, што ўсё гэта неабходна.
РР: Якія найбліжэйшыя планы ў Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў?
Ціхан Чарнякевіч: Па-першае, нам трэба захаваць тое, што мы мелі ў Менску. Гэта не так проста. Мы захавалі медыя, гэта сайт Bellit.info, мы захоўваем сувязь з сябрамі з Саюза беларускіх пісьменнікаў. Мы не можам пакуль што ў замежжы правесці вялікі з’езд, таму што гэта вялізныя выдаткі. Гэта пакуль у планах. Плануем працягваць выданне ў тым ліку і альманаха “Апостраф”. Будзе цікавы нумар, выйдзе ён у канцы студзеня хутчэй за ўсё. Мы працягваем працу Школы маладога пісьменніка. Мы плануем працягваць выдавецкую дзейнасць, якая пакуль што затухла ў нас. Думаю, што ў 2025 годзе ў Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў з’явіцца сваё выдавецтва ў Літве. І мы пачнем выдаваць кнігі нарэшце.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя