BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ціхан Чарнякевіч: Вільня мяне натхняе

Сёння, 17 снежня, у Ляўкове Новым на Падляшшы пачынаецца Літаратурны семінар «Бязмежжа». На працягу трох дзён з 17 па 19 снежня яго ўдзельнікі будуць дыскутаваць пра ролю беларускай літаратуры і культуры ў транспамежнай прасторы. На семінар з’ехаліся беларускія літаратары, дзеячы культуры і выдаўцы з Падляшша, а таксама беларускія пісьменнікі, якія апошнія гады жывуць у вымушанай эміграцыі ў Польшчы і Літве.

З прэс-сакратаром Міжнароднага Беларускага Саюза Пісьменнікаў Ціханам Чарнякевічам паразмаўляў Юрка Ляшчынскі.

Ціхан Чарнякевіч
Ціхан Чарнякевіч

РР: Вяртаецца семінар у гэты наш курорт Бора-Здруй. Памятаеш?

Ціхан Чарнякевіч: Безумоўна. Ужо, напэўна, гадоў 10 як упершыню туды трапіў.

РР: І гэты семінар мяняе свой воблік з увагі на тое. Што прыязджаюць пісьменнікі з Польшчы, з іншых краін, з Беларусі. Але ж цяпер з Беларусі немагчыма, каб прыехаць. Ты акурат прадстаўляеш Вільню, нават будзеш выступаць па віленскіх тэмах.

Ціхан Чарнякевіч: Я цяпер жыву ў Літве. Многія, канешне, госці семінара ўжо едуць не з Беларусі, а з іншых гарадоў. Гэта і Уроцлаў, і Варшава, і з Беластока ёсць людзі. То бок літаратура беларуская цяпер трошачку так рассеяная па свеце і такая льюючыяся форма, як казаў Ігнат Абдзіраловіч віленскі, ліемся там, дзе можна ліцца і там існуем, ствараем, пішам. Але заўсёды сустракаемся на “Бязмежжы” як правіла.

РР: І менавіта ты там будзеш таксама выступаць з дакладам “Прыстанішча прысутнасці ў вечнай Вільні”. Гэта такі пафасны назоў, але ўсё ж такі Вільня ёсць гэтым прыстанішчам для беларускай мовы і літаратуры.

Ціхан Чарнякевіч: Увогуле звязана вельмі шмат беларускіх пісьменнікаў, пачынаючы ад Францішка Скарыны і да 2025 года. Вось ужо пяцьсот гадоў беларусы туды едуць, штосьці робяць, выдаюць кнігі і пішуць самі. Нават Сяргей Іванавіч Дубавец нядаўна выдаў анталогію “Вільня”, дзе сабраў усе вершы да 1991 года пра Вільню. Гэта такая не тоненькая кніжачка, а добрая сотня -паўтары тэкстаў, прычым там і Багдановіч, і Колас, і Жылка. Да Таццяны Сапач уключна.

Вільня натхняе. І мяне таксама натхняе, плюс я там пачаў працаваць як перакладчык літоўскай паэзіі. І вось адна з кніг, якую я буду прадстаўляць на семінары, гэта анталогія сучаснай літоўскай паэзіі “Горад на гары”, дзе некалькі дзясяткаў аўтараў былі перакладзеныя наогул упершыню на беларускую мову. Там мы бачым і такіх сталых, заслужаных людзей, лаўрэатаў рознага кшталту літаратурных нацыянальных прэмій, найбольш знакавых для краіны. Але там нямала такой вось зусім маладой генерацыі літоўскіх паэтаў і паэтак, з якой я так за гэтыя гады, пакуль жыву ў Вільні, трошкі пазнаёміўся. І дзякуючы там. Што інтэнсіўна вучыў і вучу мову, то пачаў ужо разумець, дзе добрая паэзія, што можа быць цікава беларускаму чытачу.

І вось гэта ўсё вылілася ў калектыўную працу з Андрэем Хадановічам, з Марыйкай Мартысевіч у выглядзе такой даволі тоўстай анталогіі літоўскай паэзіі.

А Андрэй і Марыя прадставілі тое, што перакладалі яны цягам апошніх пятнаццаці гадоў. І вось такая выйшла кніга, па-мойму досыць прадстаўнічая, бо папярэднія анталогіі выходзілі дзясяткі гадоў таму. І ўжо даўно нам не хапала разумення таго, што робіцца ў літоўскай паэзіі. Мне здаецца, што мы гэтае пытанне крышачку так закрылі.

Цалкам гутарка:

Семінар «Бязмежжа» ладзіцца Праграмнай Радай тыднёвіка «Ніва» і Беларускім саюзам ў Польшчы пры медыйным патранаце Беларускага Радыё Рацыя.

Беларускае Радыё Рацыя