BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ціхія адраджэнцы”: Алесь Давыдаў

Паэт, празаік, журналіст Алесь Давыдаў (1965-2020) быў шчырым, сціплым, сумленным чалавекам, адданым сябрам і беларускім патрыётам у шырокім сэнсе гэтага слова. Але жыццёвы і творчы лёс яго быў кароткім. Cёлета ў сакавіку яму магло споўніцца 60 гадоў.

Алесь Давыдаў нарадзіўся ў вёсцы Палянаўка (Крысін) Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля школы юнак працаваў на заводзе «Гомсельмаш». Служыў у войску. У 1991 годзе ён скончыў філалагічны факультэт БДУ. Калі быў студэнтам, то ездзіў у будаўнічыя атрады, працы не баяўся. Любіў ён прыгадваць студэнцкі будатрад у пасёлку Летнярэчыцкі ў Карэліі, бойку з мясцовымі хлопцамі з-за дзяўчат, а таксама пажар складоў з боезапасамі каля горада Беламорска на беразе Белага мора, які беларусы тушылі.

У студэнцкім будаўнічым атрадзе, крайні злева Алесь Давыдаў, 1988 г.

Прывезлі іх туды за сотню кіламетраў на ГАЗ-66 і адразу кінулі з рыдлёўкаім на ўчастак вакол гэтых складоў. А перад імі вялікі артылерыйскі цягач на базе шасі танка Т-34 валіў лес — невялікія яшчэ сосны. Так рыхтавалася супрацьпажарная паласа. Двое сутак хлопцы там прабылі, ратуючы тыя склады. Вайскоўцы і пажарныя казалі, што калі б агонь дайшоў да складоў, то палова Беламорска ўзляцела б у паветра разам з тымі боезапасамі.  

Алесь Давыдаў – студэнт БДУ

Пасля ўніверсітэта Алесь Давыдаў ажаніўся на прыгожай дзяўчыне Галіне. выкладаў родную мову і літаратуру на Капыльшчыне. Разам з сям`ёй хутка пераехаў у Менск. Працаваў рэдактарам аддзела прозы ў часопісе «Першацвет», рэдактарам аддзела газеты «Сям`я», рэдактарам аддзела часопіса «Роднае слова». З жонкай Галінай выгадавалі дачку Вераніку і сына Максіма.

Пазней Алесь памяняў шмат месцаў працы і ў апошнія гады працаваў у Менску вартаўніком разам з пісьменнікам і перакладчыкам Андрэем Гуцавым і з фатографам Сяргеем Кавезам. Незадоўга да сваёй смерці Алесь Давыдаў прызнаўся Андрэю Гуцаву, што хворы на нейкую рэдкую хваробу і што ён хутка памрэ. Сябра падчас той іх размовы не паверыў Давыдаву пра яго хваробу… Потым іх шляхі разышліся. А калі Андрэй Гуцаў неяк патэлефанаваў Алесю Давыдаву, каб павіншаваць з Новым годам, слухаўку падняла яго жонка Галіна і сказала, што ўжо амаль год, як Алеся няма сярод жывых…

Вершы, апавяданні, артыкулы Алеся Давыдава друкаваліся ў газетах «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва»,«Звязда», «Сям`я»; у часопісах «Першацвет», «Маладосць», «Роднае слова»; у калектыўным зборніку «Квадра» і іншых. Некаторыя публікацыі выходзілі пад псеўданімам А. Кохан (Алесь Кохан).

У 1996 годзе Алесь Давыдаў выдаў адну адзіную сваю кнігу вершаў і прыказаў “Пройма”. У ёй адчуваецца моцная сувязь аўтара духоўнымі каранямі з роднай зямлёй, так маляўніча апетым Сожам. У сваіх творах паэт зазірнуў у глыб сваёй і чужой душы, шукаючы ў ёй выйсця закратаваным чалавечым пачуццям, а таксама шукаючы ісціну:

Як на душы горка –

Узыду на Святую Гару.

Слёзы пралью горкія,

Сілу зямлі ўбяру.

Дуб абдыму дужы –

Наколькі мне стане рук.

Выклічу продкаў душы,

Зламіўшы засохлы сук.

“Пройма” Алеся Давыдава станоўча была сустрэта чытачамі. Мікола Віч у “ЛіМе” у 1997 годзе напісаў цікавую рэцэнзію пад назвай “Прыказы – гэта… або Вандроўка па дарозе, якой няма”.

У 1996 годзе ў тэматычны план выдавецтва «Мастацкая літаратура» ў серыі «Першая кніга празаіка» была ўключана кніга “Пустэльня адзіноты” (аповесць, апавяданні) Алеся Давыдава, якая, на жаль, так і не пабачыла свет.

Пісаў паэт і вершы для дзяцей, друкаваў іх у газеце “Сям’я”. Вось як гучыць адзін з іх:

Не бяжы на вуліцу:

Там завея дзьме,

Кот да печы туліцца,

Час прыспеў зіме.

І крынічка ўжо не плача,

Сціхла пакрысе,

У сумётах снежных скача

Зюзя ў кажусе.

Па рэкамендацыі Алеся Разанава Алеся Давыдава прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Але 20 траўня 2020 года Алеся Давыдава не стала. Яго пахавалі ў роднай вёсцы Крысін. Надмагільны верш напісаў загадзя сам Алесь:

Спакваля чахнуць вуглікі,

Быццам мары мае нязбытныя.

Гэта вершыкі мае недапісаныя,

Гэта жыццейка маё недажытае.

Ёсць у паэта Янкі Сіпакова артыкул пра аўтографы, ён называецца “Мая бібліятэка”. У ім аўтар прыгадвае Алеся Давыдава і яго аўтограф на зборніку “Пройма”: “Паважанаму сп. Янку Сіпакову — заўсягдышняму маладосцеўцу — у знак выхаду першай кнігі. З удзячнасцю за Настаўніцтва з зычэннем усяго найлепшага. 23.08.96. Маладосць. Не ведаю, дзе падзеўся гэты таленавіты паэт, які зрабіў такую цудоўную заяўку…”.

Сёння таленавітага паэта Алеся Давыдава амаль ніхто не прыгадвае, акрамя жонкі Галіны, сына Максіма і дачкі Веранікі, а таксама блізкіх сяброў у вузкім коле. Гэта ён пра сябе сказаў у адной сваёй прыказе:

Любіць і ненавідзіць,

Радуецца і смуткуе,

Памірае і нараджаецца зноў –

Той, хто нясе паходню…

Маргарыта Гулейчык, Беларускае Радыё Рацыя