
Няхай і я
Прайду па гэтым полі,
Як продак мой
Адчую золь зямлі,
Якая не пакінута
Ніколі
Людзьмі – ад жвіру да крыла раллі.
Няхай і я
Тут падыму аблогу,
З паплечнікамі працу падзялю…
Мне б толькі матчын позірк
У дарогу,
Каб тых сустрэць,
Каго найперш люблю.
Гэтыя цудоўныя радкі напісаў таленавіты чалавек, паэт, празаік, краязнавец, журналіст Алесь Касцень (1955-2009). На Пастаўшчыне яго любілі ўсе, а творчая інтэлігенцыя, найперш, вельмі паважала свайго земляка, брала з яго прыклад, вучылася ў яго крэатыўна працаваць, сябраваць, вывучаць родны край.
Алесь Касцень нарадзіўся ў вёсцы Касцяні Пастаўскага раёна. Скончыў Пастаўскую СШ№ 2, а таксама філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Вайсковую службу праходзіў у рэдакцыі газеты 120-й гвардзейскай Рагачоўскай дывізіі. Падчас службы Алесь Касцень пазнаёміўся з паэтам Сяргеем Панізьнікам, які шмат дапамагаў яму, падтрымліваў.
Пасля службы пастаўскі юнак вярнуўся на сваю маленькую радзіму і пачаў працаваць журналістам у Пастаўскай раённай газеце, а пасля – у газетах “Народнае слова” і “Вольнае Глыбокае”. Шмат гадоў Алесь Касцень плённа супрацаваў з рэдакцыяй газеты “Звязда”. Многiя з цiкавасцю чыталi яго артыкулы i кароткiя апавяданнi. Найбольшую папулярнасць меў цыкл эсэ “Простыя рэчы”.

Алесь Касцень быў адным з арганізатараў літаратурна-выдавецкай справы на Пастаўшчыне. Пад яго кiраўнiцтвам дзеіла лiтаратурнае аб’яднанне “Свiтанак”, яго намаганнямi ў Паставах пабачылi свет зборнiкi вершаў мясцовых аўтараў “Рунь”, “Рунь-92”, “Рунь-93”. Ён выдаваў часопіс “Барвы” у 2004 годзе. Яго сябры сёння прыгадваюць і кажуць, што усё тое, што створана Алесем Касценем, ручайком улілося ў плынь беларускага пісьменства, беларускай культуры. Ён сціпла рабіў добрую справу для беларусаў і Беларусі, для роднай Пастаўшчыны.

Алесь Касцень прымаў удзел і ў літаратурным семінары “Даўжанскія вечары-96”, які быў прысвечаны паэту-земляку Уладзіміру Дубоўку. А ў вольны час сам пісаў вершы, краязнаўчыя артыкулы, гумарэскі. У 1983 годзе ў Менску выходзіць з друку першы зборнік паэзіі Алеся Касценя “Зруб”. У ім паэт хораша пісаў пра родную прыроду, пра сваю вёску, з якой пачалася дарога ў вялікі свет. Хвалюючыя радкі малады паэт тады прысвячаў маці і сваім землякам:
Яшчэ не дома я, а чую
Над нашай хатай цішыню.
І дзе я тут ні заначую –
Усюды прымуць, як радню…
У 1992 годзе выдаецца кніжка сатырычных паэм Алеся Касценя “Правінцыялы” пра жыццё невялікага беларускага гарадка. А потым былі новыя кнігі “13 чарачак і гляк”, “Золата дзядулі”, “Вясковыя і местачковыя гісторыі”, “Каменьчыкі ў кірзавым боце”. Пасля смерці Алеся ў 2015 годзе свет пабачыла краязнаўчая кніжка “Мястэчка маёй любові”.

Алесь Касцень быў адметнай і творчай асобай на абсягах усёй Беларусі, хаця жыў у глыбінцы. Рознымі гранямі свайго таленту ён пакінуў значны след у культурным ландшафце беларускасці, засведчыў сябе як чалавек, які свае погляды на жыццё, свае творчыя пастулаты ўносіў у рэчаіснасць праз публікацыі, кнігі, сяброўскія сустрэчы, мастацка-паэтычныя вечарыны і іншыя культурныя з’явы і імпрэзы. У шматлікіх сваіх артыкулах Алесь грунтоўна разглядаў з’явы далёкай і не вельмі далёкай даўніны, не баючыся выказваць свой погляд на многія неадназначныя і не поўнасцю даследаваныя пытанні гісторыі. Ды і гісторыю, літаратуру Пастаўшчыны без яго імя сёння ўявіць немагчыма.

Да ўсяго сказанага вышэй пра Алеся Касценя, хочацца дадаць і тое, што ён заўсёды быў удзельнікам дэмакратычнага руху.
Памёр Алесь Касцень на 45-м годзе жыцця 17 верасня 2009 года. Пахаваны ў Паставах.






