
Ён лёгка чытаў па-расейску, па-ўкраінску, па-польску, па-нямецку. Але выдаваў свае манаграфіі, артыкулы і вершы выключна па-беларуску. Яго часта запрашалі на розныя мерапрыемствы, яму шмат пісалі з Расеі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, бо чыталі яго кнігі па міфалогіі, гісторыі, краязнаўстве. У 2014 годзе яму ўручылі рэгіянальную прэмію Міхася Лынькова. Хаця Аляксей Ненадавец (1958-2023) пры жыцці заслугоўваў дзяржаўных і нацыянальных прэмій і ўзнагарод. Ды і Бог яму, доктару філалагічных навук, прафесару, былому загадчыку кафедры філіяла Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта ў Бабруйску, адмераў усяго 65 гадоў жыцця.

Аляксей Ненадавец нарадзіўся 12 лютага 1958 года ў вёсцы Чухава Пінскага раёна. У 1975 годзе скончыў Чухаўскую сярэднюю школу, паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, поўны курс якога па спецыяльнасці «Філолаг-выкладчык» завяршыў у 1980 годзе.
Пасля размеркавання Аляксей Ненадавец застаўся асістэнтам на кафедры расейскай літаратуры. У тым жа годзе паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, адкуль яго прызвалі на службу ў армію. Служыў у Туркестанскай ваеннай акрузе, бываў у камандзіроўках у Афганістане. Вясною 1982 года Аляксей Ненадавец дэмабілізаваўся і аднавіўся ў аспірантуры, якую паспяхова закончыў у 1985 годзе.
Кандыдацкую дысертацыю Аляксей Ненадавец абараніў у 1985 годзе па тэме «Дакастрычніцкая творчасць Якуба Коласа і фальклор». З 1985 па 1989 гады працаваў асістэнтам, а затым і дацэнтам кафедры расейскай літаратуры ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. З лютага 1989 года — дактарант Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі. З 1992 года Аляксей Міхайлавіч працаваў на пасадзе старшага навуковага, а потым вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута імя Кандрата Крапівы.

У 1995 годзе Аляксей Ненадавец абараніў доктарскую дысертацыю «Праблема хтанічнага архетыпу ў беларускім фальклоры». У 2000 годзе ён атрымаў пасаду загадчыка кафедры «Дзяржаўныя і замежныя мовы» Бабруйскага філіяла Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Але ў 2017 годзе філіял ліквідавалі. Аляксей вельмі перажываў і шкадаваў гэту дзяржаўную ўстанову. Бо ў яго з філіялам было звязана шмат прыемных успамінаў: тут ён працаваў з 1994 года. “Рашэнне было прынята вельмi хутка. З іншага боку, гледзячы на змяненнi ў сiстэме адукацыi ў вышэйшай школе, — аб’яднанне факультэтаў, закрыцце факультэтаў у другiх навучальных установах, — можна было чакаць такога. Але шкада, што столькi гадоў, а я працую з 1994 года, калi была яшчэ недзяржаўнаяВНУ, i так вось — бах i зламалася”, — заўважыў тады прафесар.
Цягам сваёй творчай дзейнасці Аляксей Ненадавец бесперапынна займаўся даследаваннем беларускай міфалогіі і фальклору беларусаў, узаемасувяззю літаратуры з народнай творчасцю, міфалогіяй і фальклорам, краязнаўствам. Даследчык напісаў больш за 720 навуковых і навукова-папулярных артыкулаў і надрукаваў у айчынным і замежным друку. Сваю фантастычную працаздольнасць сам Аляксей тлумачыў проста: «Вандроўкі па родным краі, фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі для мяне не толькі творчая праца, але і цудоўны адпачынак».

Найбольш значныя навуковыя працы даследчыка: “Пакланіцеся дубу” (1993); “Святло таямнічага вогнішча” (1993); “Каму пакланяліся продкі” (1996); “За смугою міфа” (1999); “Чорт у легендах і паданнях беларусаў” (1999); “Сілаю слова: Чорная і белая магія” (2002) і іншыя.

Аляксей Ненадавец запісаў, апрацаваў і ўклаў зборнікі назваў населеных пунктаў розных рэгіёнаў Беларусі паводле легенд і паданняў. Аўтар артыкулаў пра фальклор Калінкавіцкага і Брагінскага раёнаў, апублікаваных у кнігах серыі “Памяць” (2002, 2003). Акрамя таго, Аляксей Ненадавец напісаў гістарычныя працы: “Крэпасць на Бярэзіне” (1993), “Тэадор Нарбут” (1996), “Летапіс горада на Бярэзіне (1387–1917)” (1998) і г.д.

Асабліва плённа працаваў этнограф і фалькларыст апошнія гады свайго жыцця. Кола яго інтарэсаў было самае разнастайнае: ад крапатлівага збірання такога цікавага жанру, як праклён, да гістарычна-дакументальных даследаванняў. Найбольш значныя манаграфіі аўтара з’явіліся ў апошнія гады жыцця. Гэта – “Уладзімір Караткевіч: прырода, фальклор і творца” (2015), “Бацькоўская хата” (2015), “Цячэ рэчанька” (2016), “Нашы спеўныя землякі” (2017), “Сіла праклённага слова” (2017), “Легенды старых млыноў” (2018), “Спеўная вёска Чухава” (2018) і іншыя. Прыкладам, кніга “Спеўная вёска Чухава” прысвечана спеўнаму і музычнаму майстэрству яго землякоў — жыхароў вёскі Чухава, што на Піншчыне. У выданні падаюцца сямейныя і каляндарныя абрады, якія, найчасцей суправаджаліся шматлікім песенным выкананнем, самабытным музычным афармленнем. Тэксты песень запісаны ад вяскоўцаў згаданага населенага пункта ў розныя гады і ў самых розных абставінах, якія апісаў аўтар. Распавядаецца ў кнізе і пра трох вясковых гарманістаў, якім выпала весяліць чухаўцоў у 1930-я-1990-я гады мінулага стагоддзя. Згадваецца пра адметную заможнасць вяскоўцаў і з чым яна асацыявалася. У кнігу ўведзены таксама шматлікія фотаздымкі, якія гавораць пра непаўторнасць святочнага і будзённага жыцця ў Чухаве. Гэта быў працяг двух папярэдніх выданняў Аляксея Ненадаўца: “Чухава. Фальклорна-этнаграфічны нарыс” і “Бацькоўская хата”.

Чытаючы кнігі Аляксея Нянадаўца дзіву даешся, калі ён знаходзіў час іх пісаць, усё даследаваць, вандраваць, шукаць, апрацоўваць. Спакойнае жыццё яму толькі снілася. А апошнія гады ён змагаўся з анкалогіяй. Ды і здароўе пахіснулася з узростам: “Я ж столькі павандраваў па Беларусі, столькі даследваў! І не верыцца нават, што ўжо 65 гадоў! Але ж няма той сілы… Калі малады, дык не заўважаеш ані праблем, ані часу. А зараз усе хваробы павылазілі. Яшчэ й пандэмія выбіла мяне з каляіны. Дужа цяжка перахварэў на «карону», і з таго часу баляць ногі…”.
Пахавалі Аляксея Ненадаўца на Менскіх могілках у Бабруйску 29 кастрычніка 2023 года.






