
Не, мы не разбіты, мы шаблі, пістолі
Яшчэ не паклалі ў апошнім баі.
Заўжды нагатове стаяць нашы коні,
Хапае задору ў гарачай крыві!
Хай вораг святкуе сваю перамогу…
Мы раны загоім і рынемся ў бой,
Мы ведаем добра да волі дарогу,
Унукаў, сыноў павядзем за сабой.
Ад нашай шалёнай крывіцкай Пагоні
Не збавіцца хеўры чужынцаў-ваяк…
Памянем палеглых, запалім паходні,
Чакае няблізкі, ды зведаны шлях.
Гэтыя патрыятычныя радкі напісаў цудоўны паэт, надзейны сябра, беларускі змагар Анатоль Валюк (1961-2022).
На Гарадзеншчыне яго ведалі многія. На розныя сустрэчы Анатоль прывозіў са Свіслаччыны слоік пушчанскай, самай чыстай, светлай, як сляза, самагонкі. І пасля ўсіх урачыстасцяў частаваў хлопцаў і дзяўчат, частаваў ад шчырага сэрца, па-простаму, па-сяброўску. Але не гэтым ён запомніўся ўсім тым, хто ведаў Анатоля, хто з ім побач плячо ў плячо змагаўся за вольную Беларусь. Анатоль пісаў выдатныя вершы, ён быў здольным чалавекам да бясконцасці.
Анатоль Валюк нарадзіўся 1 студзеня 1961 года ў вёсцы Вішнеўка, што на Зэльвеншчыне. Вучыўся ў Бабруйскай мастацкай вучэльні і на філалагічным факультэце Гарадзенскага ўніверсітэта, працаваў на Ваўкавыскім заводзе ліцейнага абсталявання, у МПМК-66, настаўнічаў на Зэльвеншчыне і Свіслаччыне, быў журналістам Свіслацкай раённай газеты. Выбіраўся дэпутатам райсавету. Напачатку 2000-х гадоў з-за сваёй грамадскай дзейнасці страціў працу ў школе.

Тады Анатоль Валюк у бюлетэні “Свой лад” (2003, № 5) надрукаваў артыкул пра тое, як у Свіслачы ўлады паставілі бюст Сталіна, назва публікацыі была “Некрафілія ці “рэстаўрацыя сталінізму”. Артыкул пачынаўся так: “Напярэдадні другога тысячагоддзя ўлады Свіслачы паставілі помнік Сталіну. Перад гэтым была пастанова Свіслацкага раённага Савету дэпутатаў аб яго ўсталяванні. Бюст “правадыру народаў” праляжаў шмат дзесяцігоддзяў на складзе былога спіртзаводу, у саўгасе “Вердамічы”. І вось – выцягнуты зноў на “свет Божы”. Што гэтым хацелі сказаць “народныя выбраннікі” і “вертыкаль” – для многіх застаецца загадкай. Не рэстаўрацыю ж сталінізму задумалі яны правесці ў сваім рэгіёне, ці засумавалі па мінулым? На гэтыя пытаньні я і спрабую тут даць адказ…”. І адказ быў дадзены аўтарам на старонках “Свайго ладу”, пасля якога ў школу, дзе працаваў Анатоль Валюк, прыйшла праверка. Прадстаўніца райана запатрабавала, каб Валюк прыбраў са сцяны чаканку з гербам “Пагоня”. Ён адмовіўся. Яму сказалі: працаваць у школе ты больш не будзеш. І… звольнілі.
Анатоль пакінуў Беларусь і паехаў працаваць на будоўлю ў Маскву. Але доўга там ён не затрымаўся, таму праз пэўны час вярнуўся ў Свіслач.

Анатоль Валюк у цэнтры
У Свіслачы ён з сябрамі штогод наладжваў мерапрыемствы, куды прыязджалі беларусы з многіх рэгіёнаў і ўшаноўвалі памяць паўстанцаў 1863 года, найперш братоў Каліноўскіх. За гэта Анатоля і яго сяброў судзілі, давалі штрафы, папярэджвалі. Ягоным паплечнікам у гэтых акцыях быў і пазнейшы палітвязень Вітольд Ашурак.

Пры жыцці Анатоль Валюк выдаў толькі адзін свой паэтычны зборнік “Музыка вятроў” (2008, яго падыхтавалі і надрукавалі самвыдатам гарадзенскія сябры), хоць друкаваўся даволі шмат у розных мясцовых і агульнабеларускіх выданнях. Многія паэтычныя радкі паэта маюць гісторыка-краязнаўчую афарбоўку, яны прысвечаны возеру Паперня, Сынковіцкай царкве, Агінскім, апублікавана ўнікальная сатырычная паэма “Сказ пра Юзікаў” і іншыя вершы і пераклады. У 2010 годзе Анатоля Валюка прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Шчыры і светлы вобраз таленавітага паэта, выдатнага чалавека застанецца ў памяці яго сяброў і, вядома ж, у вершах:
Воч тваіх блакіт,
Шчасце для мяне,
Будзе ён такі,
Калі ўсё міне.
І на схіле дзён,
І ў чужым краю
Нагадае ён
Беларусь маю.
Станіслава Ражноўская, Беларускае Радыё Рацыя






