
Андрэй Вайтовіч (1920-2008) быў сябрам Беларускай незалежніцкай партыі. Нарадзіўся ён у 1920 годзе ў вёсцы Залозкі на Наваградчыне. Скончыў сем класаў у Любчы і паступіў у Віленскую электрамеханічную гімназію, але закончыць яе не паспеў, бо пачалася Другая сусветная вайна.
Падчас акупацыі Андрэй Вайтовіч вучыўся ў Наваградскай настаўніцкай семінарыі. А ў 1943 годзе ўступіў у беларускі батальён Барыса Рагулі, які ахоўваў вёскі Наваградчыны ад нямецкіх карнікаў і розных марадзёраў. Летам 1944 года выехаў у Польшчу. Там трапіў у вядомы батальён “Дальвіц”. Пасля падрыхтоўкі, вярнуўся на Беларусь для арганізацыі падполля Беларускай незалежніцкай партыі. Яго дэсантавалі ў верасні 1944 года на Дзятлаўшчыне, хаця па планах ён павінен быў апынуцца ў іншым месцы. Тым не менш праз пэўны час Андрэй Вайтовіч пад мянушкай Андрук зноў апынуўся на Радзіме. Перад адпраўкай быў прызначаны кіраўніком Беларускай незалежніцкай партыі (БНП) у Баранавіцкай вобласці. Ён павінен быў вербаваць сяброў БНП, збіраць звесткі пра сітуацыю ў Беларусі, рыхтаваць лясную пляцоўку для прыёму самалёта і г.д.
Спачатку ўсё ішло даволі добра. Андрэй Вайтовіч ведаў родныя мясціны, людзей, хутка збіраў інфармацыю. Але не ведаў ён, што за ім пільна сочаць агенты дзяржбяспекі і яго сябра па вучобе ў Наваградку Павел Турайкевіч. Той самы Павел з якім яны разам уступалі ў БНП. Менавіта ён і выдаў Андрэя Вайтовіча НКВД. Яго арыштавалі ў канцы верасня 1944 года. Доўга дапытвалі, катавалі. 64 дні ён правёў у камеры-адзіночцы менскай “амерыканкі”, а потым у карцары.
Пасля тыднёвай галадоўкі яго прывялі на допыт да міністра дзяржбяспекі Цанавы. Допыт у Цанавы згадваецца кнізе ”Вяртаньне БНП” (1998. С.36.): “Цанава пачаў здалёк: “Мы знаем, что ты не советский человек, но вот что тебя заставило вести борьбу с советской властью?..”. Пасля Цанава не вытрымаў і запытаўся пра галоўнае: “Так ты всё-таки скажешь ЦК своей партии?”. “Гражданін начальнік, што знаў, я вам сказаў”, — адказаў Андрэй Вайтовіч. “Нет, нет! Ты пойдёшь в камеру, подумаешь. Мы с тобой ещё встретимся”, — крычаў Цанава…”.
Яны болей не сустрэліся. Андрэю Вайтовічу пасля допытаў далі восем гадоў лагераў, якія адбываў у Казахстане і ў Сібіры. У канцы 1952 года яго выслалі на пасяленне ў Паўночнаенісейск. Там пазнаёміўся і ажаніўся на рускай дзяўчыне з сям’і, якая таксама была выслана на поўнач. А ў 1958 годзе вярнуўся на зямлю роднай Беларусі, пасяліўся і жыў у Слоніме, працаваў на мэблевай фабрыцы, будаўніком.
Усё жыццё падтрымліваў сувязі з былымі байцамі “Дальвіца”, у тым ліку і з Барысам Рагулям. А летам 1997 года прымаў удзел у сустрэчы “рагулёўцаў” у Вільні.
У кнізе ўспамінаў „Лёс аднаго пакалення”, якая выйшла з друку ў Беластоку ў 1996 годзе, Янка Жамойцін у сваіх успамінах „З перажытага” прыгадвае некалькі разоў Андрэя Вайтовіча: „Асабліваю ўвагаю, аднак, абдзялілі мяне два блізкія мне сябры: гаваркі, упэўнены ў сваіх здольнасцях і дасягненнях Філя Давідчык і маўклівы, працавіты, салідны і скромны Андрэй Вайтовіч. Абодва яны ахвотна завязвалі ў інтэрнаце гутарку на грамадскія тэмы, цікавіліся маімі поглядамі і ацэнкай актуальных падзей. Стараліся папоўніць недахопы ў харчаванні, балазе абодва былі нядрэнна забяспечаны прадуктамі” (С. 79). І яшчэ: „Па-другое, у маёра Вінакурава ў распараджэнні былі пратаколы з допытаў маіх, раней спомненых, сяброў Філі Давідчыка і Андрэя Вайтовіча, якія былі ўжо зняволеныя…” (С. 145).

Андрэй Вайтовіч з жонкай у царкве
Прайшоўшы ўсе жыццёвыя нягоды і сталінскія катаванні, Андрэй Піліпавіч Вайтовіч часта ўспамінаў пра Ларысу Геніюш, з якою шмат гадоў сябраваў. А адбылося ў яго знаёмства са слыннай беларускай паэткай з дапамогай сяброў па сталінскіх лагерах. У 1972 годзе Андрэй Вайтовіч наведаў свайго сябра па рэпрэсіях Казіміра Гінца ў Вроцлаве, які быў знаёмы з Ларысай Геніюш. Той папрасіў Вайтовіча наведаць паэтку ў Зэльве і перадаць ёй прывітанне, а таксама даў Андрэю хусцінку, якую некалі ў лагерах падаравала яму паэтка. Вярнуўшыся з Вроцлава, Андрэй Вайтовіч паехаў у Зэльву да Ларысы Геніюш…
Так яны пазнаёміліся і да апошніх дзён жыцця паэткі шчыра сябравалі. Гэта Андрэй Вайтовіч дапамог ёй зрабіць помнік на магілу Янкі Геніюша і прывёз яго з Наваградка ў Зэльву. То свежанінкі прывязе, то мёду — ні ў чым і ніколі не адмовіла сям’я Вайтовічаў мужнай і таленавітай жанчыне з Зэльвы. Захаваўся арыгінал пісьма да Вайтовічаў ад Ларысы Геніюш. Вось што пісала Ларыса Геніюш да Вайтовічаў 3 ліпеня 1981 года: “Даражэнькія! Як магла выканала Вашую просьбу (напісала верш для маладых — сына і яго нявесты Вайтовічаў, — С.Р.). Шчыра вітаю маладых і жадаю шчасця і доўгіх год жыцця! У мяне па-ранейшаму былі нядобрыя весткі з Польшчы. Пачынаюць ужо чапляцца да Міхася (унука Ларысы Геніюш. — С.Р.). Цяпер няма ні лістоў, нічога, і сэрца маё замірае, калі пра іх думаю. Айцец Васілій (Васіль Чыкіда (1937-2000) — святар, настаяцель зэльвенскай Свята-Троіцкай царквы. — С.Р.) — на два прыходы і рэдка цяпер яго бачу. Ён многа абяцае, але не ў сілах усё выканаць. Таму я прыехаць да Вас не змагу. Ды і здароўе няважнае. Пагоршала з сэрцам. Бядую, што няма з кім пад’ехаць па ягады, па суніцы. Пару дзён быў у мяне Коля Канаш (Мікола Канаш (1926-2006) — сябра Ларысы і Янкі Геніюшаў. Пазнаёміўся з паэткай у сталінскіх лагерах у Інце. Жыў у Жлобіне. — С.Р.). Вельмі бадзёры, добра выглядае і чуецца. Заязджалі праездам з Наваградка і нашыя слаўныя беларускія мастакі. Адзін быў з жонкаю. Фатаграфавалі і мяне, і хату з усіх бакоў. Пісаць мне ўжо неяк крыху цяжка, бо не тыя гады. Харошыя Вы людзі і я Вам вельмі ўдзячная за ўсё, асабліва за дапамогу з пахаваннем с.п.мужа і з помнікам яму. Цукеркамі Вашымі пачаставала знакамітых мастакоў. Прыдаліся яны мне як ніколі. Буду рада бачыць Вас абоіх зноў у сваёй хаце, бо чуюся вельмі адзінока. Сын і Міхась у Беластоку вельмі просяць выклікаў, а іх не даюць тут. Усяго Вам добрага. Са шчырасцю да Вас – Ларыса Геніюш, Зэльва”.

Каля помніка Янку Геніюша. Андрэй Вайтовіч другі справа, Зэльва. 1980-я
Аднойчы Андрэй Вайтовіч паказаў свой сямейны альбом. О, гэта быў незвычайны альбом! Справа ў тым, што пры сустрэчах з Ларысай Геніюш Андрэй Піліпавіч расказваў ёй пра сваіх бацькоў, сясцёр, братоў, пляменнікаў. Паэтка ўважліва слухала і затым перапраўляла пачутае ў вершаваныя радкі: некалькі соцень іх ён занатаваў у свой сямейны альбом са здымкамі сваякоў. А бывала папросіць паэтку напісаць верш для сына, для суседа, у якога юбілей, ці нейкая іншая нагода — і яна пісала. Вось так і захавалася ў Андрэя Вайтовіча невядомая нікому асабістая літаратурная спадчына Ларысы Геніюш, прысвечаная ягоным сваякам. У іх — любоў да сваіх сяброў, да беларускай зямлі і яе працавітых і мужных людзей, пачуццё нацыянальнай годнасці і гонару. Прывяду адну страфу з гэтых твораў:
***
Так раны людскія дабром сваім гоячы,
Часам ва ўмовах даволі цяжкіх,
Роду свайму памагаюць Вайтовічы,
Ў дастойныя людзі выводзяць сваіх.
Бывала сям’я Вайтовічаў у Зэльве вельмі часта, ды і Ларыса Антонаўна наведвала Вайтовічаў.

Пахаванне Ларысы Геніюш у Зэльве. Андрэй Вайтовіч нясе вечка дамавіны. 9 красавіка 1983 г.
7 красавіка 1983 года Ларысы Геніюш не стала. Андрэй Піліпавіч прыехаў яе праводзіць у апошні шлях. А ў памяці, як ён казаў, выразна гучалі радкі з паэмы “З вёскі Залозкі над Нёманам”:
Калі скончыцца дзень і сум душу кране
Ўспамінам трывожным нейкім,
Дык, здаецца, чутно як калісь, як раней,
Быццам плача над доляй жалейка…
Гэту паэму Ларыса Геніюш прысвяціла сястры Андрэя Вайтовіча – Барбары і яе мужу Мікалаю. У ёй адлюстраваны лёс звычайнай беларускай сям’і – такіх лёсаў на нашай шматпакутнай зямлі было шмат. Паэма гэта таксама знаходзілася ў альбоме Андрэя Піліпавіча. У жніўні 1996 года ён дазволіў яе апублікаваць. І яна з’явілася ў зэльвенскай раённай газеце “Праца”. Праўда, шмат радкоў Ларысы Геніюш, прысвечаных сваякам Андрэя Вайтовіча, застаюцца яшчэ неапублікаванымі. Але час на іх яшчэ будзе.
Да сваіх апошніх дзён Андрэй Піліпавіч Вайтовіч заставаўся шчырым беларускім патрыётам, цікавіўся жыццём краіны, перажываў за ўсё тое, што адбываецца на нашай зямлі. Пражыў ветэран беларускага вызвольнага руху 88 гадоў. Яго пахавалі 1 красавіка 2008 года.
Станіслава Ражноўская, Беларускае Радыё Рацыя