Напрыканцы 20-га пачатку 21-га стагоддзя з вынікамі працы гэтага чалавека была знаёмая хіба што ўся дэмакратычная грамадскасць Беларусі. Але лічаныя людзі ведалі, хто на самой справе яе рабіў. Андрэй Вашкевіч ствараў макеты газет. У розныя часы ён рабіў вонкавы выгляд асноўных тагачасных дэмакратычных газет Беларусі – «Белорусская деловая газета» (БДГ), «Имя», «Культура», «Народная воля».

І калі мы згадваем тагачасныя беларускія дэмакратычныя медыя, то ў нейкім сэнсе мы згадваем і майстра іх візульнага аздаблення.
Нарадзіўся Андрэй Вашкевіч 1 жніўня 1971 года ў Менску. Быў звычайным сталічным хлопцам. З юнацтва захапіўся кампутарамі, і таму, закончыўшы школу, паступіў у Менскі радыётэхнічны інстытут. Але вельмі хутка зразумеў, што найперш яго вабіць журналістыка. Пасля 1-га курса пакінуў РТІ і паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
І тут ён далучаецца да студэнцкага беларускага руху. Быў сябрам «Выбранецкіх шыхтоў». Гэтая суполка паўстала на пачатку 90-х гадоў. Была афіцыйна зарэгістраваная як рэспубліканская моладзевая арганізацыя. Яна пазіцыянавала сябе як студэнцае аб’яднанне, якое: папулярызуе беларускую гісторыю і традыцыі, развівае патрыятычнае выхаванне, ладзіць адукацыйныя і культурніцкія мерапрыемствы, падтрымлівае нацыянальную ідэнтычнасць. Андрэй актыўна далучаецца да гэтай дзейнасці.

І недзе ў гэты ж час пачынае пісаць вершы, якія друкаваліся ў часопісе “Першацвет”. Супрацоўнічае, звычайна ў друкарскіх тэхнічных справах, з Таварыствам Вольных Літаратараў і суполкай «Бум-Бам-Літ». Макетаваў тэвээлаўскі часопіс “Калосьсе”, цалкам абнавіў яго дызайн у 2006 годзе, а таксама кнігі серыі “Бібліятэка часопіса “Калосьсе”.
Вось як згадвае Андрэя паэт Віктар Шніп: «Мы з ім былі знаёмымі з пачатку 90-х. Я тады працаваў адказным сакратаром газеты «Наша слова». Наклад дасягаў да дзесяці тысяч. Газета выходзіла на васьмі старонках. Друкавалася ў «Чырвонай зорцы», а там не было прыстасавання, каб чатыры сярэднія старонкі выдання ўкладваліся ў сярэдзіну газеты. Трэба было ўкладаць рукамі. Паспрабавалі рабіць гэта ўсёй рэдакцыяй. Зрабілі раз-другі і, убачыўшы, што з-за гэтага застаецца мала часу саму газету рыхтаваць да друку, пачалі шукаць ахвочых падпрацаваць па дамове. Даўгавата шукалі і здавалася, што ніколі нікога не знойдзем. А тут неяк, ідучы з друкарні, сустрэў Андрэя Вашкевіча. Яму было за дваццаць. Прапанаваў падпрацаваць. Андрэй не адмовіўся, сказаўшы, што аднаму будзе цяжкавата, а вось, калі яго мама пагодзіцца, то возьмецца за працу. Мама не адмовілася. І потым гады чатыры, а мо і болей, кожны нумар «Нашага слова» быў складзены рукамі Андрэя Вашкевіча і яго мамы».
Пасля вучобы ў БДУ, Андрэй пачынае працаваць у беларускіх незалежных газетах.
Згадвае журналіст Дзмітрый Дрыгайла: «Працаваў з ім 4 гады ў БДГ. Андрусь быў невераемны: профі, чалавек-глыба, таварыш, адказны, з добрым гумарам. Ну і нашага “веравызнання”, то бок для яго заўжды, да канца “пахне чабор”».
Згадвае мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч: «Быў чалавекам вельмі адказным, добрым, праўдзівым беларусам… Прафесіянал у сваёй справе, вярстаў вынаходліва і вельмі эстэтычна. Амаль усе друкі грамадскай арганізацыі «Беларуская перспектыва» прайшлі праз яго рукі. Працаваць зь ім было прыемна!»

У розны час Андрэй працаваў у многіх газетах, сярод іх і ў «Культуры», быў яе адказным сакратаром і вярстальнікам, у тым ліку займаўся вёрсткай славутага літаратурна-філасофскага сшытка «ЗНО» (дадатак да газеты «Культура», які рэдагаваў Валянцін Акудовіч).
У 2009 годзе быў вэб-дызайнерам «Народнай волі», адказваў за поўную змену дызайну і структуры інтэрнэт-версіі газеты, якая забяспечвала аператыўнае абнаўленне навін на працягу тыдня, запушчана 23 верасня 2009 года.
Андрэй Вашкевіч у сваёй працоўнай дзейнасці спалучыў два ўласныя захапленні – кампутарнай справай і журналістыкай, ён быў прадстаўніком першага камп’ютарнага пакалення беларускай медыясферы. Асноўны кірунак яго дзейнасці быў звязаны з тэхнічным забеспячэннем выхаду газет і вэб-распрацоўкай. Паводле калег, Вашкевіч рэдка выступаў як аўтар тэкстаў, але ў прафесійным асяроддзі быў вядомы як выканавец песень і апавядальнік.
Андрэй не меў сваёй сям’і, жыў разам з маці.
Пасля звальнення з рэдакцыі «Народнай волі» працаваў дворнікам у ЖЭС.

Памёр 4 кастрычніка 2019 года на 49-м годзе жыцця ад анкалагічнага захворвання. Пахаваны 5 кастрычніка 2019 года на Паўночных могілках.
Тамаш Гурба
Фотаздымкі з фэйсбука Андрэя Вашкевіча.






